ПЕРАМОГА РУМЫНСКАГА НАРОДУ
Румынская рэвалюцыя была апошняй яркай падзеяй 1989 года. А падзей тады было шмат, цэлая сэрыя. Валілася зьнешняя савецкая імпэрыя (“сацыялістычны лягер”). У кастрычніку ў выніку “аксамітнай рэвалюцыі” чэхі і славакі скінулі ўладу прамаскоўскай камуны. У лістападзе абрынуўся Берлінскі Мур і разам зь ім рэжым сталінскага бальшавіка Хонэкэра.
І вось 17-18 сьнежня пачалі паступаць зьвесткі пра народнае рушэньне ў Румыніі. Спачатку ў Трансільваніі людзі выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць арышту спэцслужбамі папулярнага пратэстанцкага сьвятара. Чаўшэску з сваім палітбюро загадалі страляць па мірных дэманстрацыях. А ў Бухарэсьце яны загадалі сагнаць людзей на “мітынг падтрымкі” сваёй злачыннай улады. Але сотні тысячаў людзей пасярод прамовы тырана пачалі крычаць яму праклёны і пагналі яго прэч. Проста з “мітынга падтрымкі” Чаўшэску з жонкай уцяклі на верталёце. Іх злавілі праз два дні і пасьля кароткага паседжаньня трыбунала расстралялі.
У Бухарэсьце на працягу трох дзён адбываліся баі. Аддзелы Securitate паспрабавалі перайсьці ў наступ і здушыць рэвалюцыю. Але Нацыянальная армія адразу стала на бок народа. Армія і паліцыя адкрылі свае арсэналы, і румынскія мужчыны ўзброіліся. Быў утвораны Ўрад нацыянальнага выратаваньня, які заклікаў да супраціву тыраніі і пачаў кіраваць паўстаньнем. Пасьля таго, як людзі ўбачылі, як зьверствуе мясцовае гэбэ, яны заявілі на мітынгах: “Сьмерць за сьмерць!” Ураду давялося прыкласьці шмат намаганьняў, каб пераканаць паўстанцаў, што трэба браць палонных.
Ужо 22 сьнежня рэвалюцыя завершылася перамогай. Дзікі чаўшызм быў разгромлены. Краіна пайшла цывілізаваным, дэмакратычным шляхам разьвіцьця.
Валеры Буйвал