РУХ МАЙДАН

22 сьнежня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Украінская апазыцыя ўтварыла рух Майдан. Яна разьлічвае на 10 мільёнаў сяброў, якія зьменяць краіну”. Вось гэты артыкул:

У нядзелю лідэры праэўрапейскіх і антыўрадавых пратэстаў на кіеўскім Майдане Незалежнасьці абвясьцілі аб утварэньні надпартыйнага руха. Яго мэтай ёсьць сярод іншага зьмена палітычнай сытуацыі і ўтварэньне новай канстытуцыі Ўкраіны.

— Гэта ёсьць надпартыйная грамадзкая арганізацыя, у якую ўступяць людзі, што знаходзяцца або былі на Майдане. Дзесяць мільёнаў сяброў гэтай арганізацыі, зь дзесяцьцю мільёнамі значакаў і дзесяцьцю мільёнамі падобных думак у галавах, можа зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне і скінуць цяперашнія ўлады. — заявіў са сцэны Майдана былы кіраўнік МЗС Юры Луцэнка. Новы рух прыняў назоў Агульнанароднае Аб'яднаньне Майдан. Яго закладальнікамі зьяўляюцца палітыкі ўкраінскай апазыцыі і грамадзкія дзеячы, якія заангажаваліся ў пратэсты, што працягваюцца ўжо больш за месяц.

Баксёр і лідэр партыі Ўдар Віталь Клічко заявіў, што ўдзельнікі пратэстаў не разыдуцца па хатах, як гэтага чакае прэзыдэнт Віктар Януковіч і зьвязаныя зь ім улады краіны. — Яны думаюць, што мы стомімся і разыйдземся, але так ня будзе! Мы разумеем, што нам патрэбныя рэформы, а рэфармаваць дзяржаву мы можам толькі пасьля зьмены ўладаў. Дамагаймася датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў! Мы ўжо ня хочам чакаць! Мы будзем змагацца! — сказаў у нядзелю харызматычны баец рынга і палітык.

Сярод мэтаў Агульнанароднага Аб'яднаньня Майдан ёсьць вяртаньне палітычнай раўнавагі ў краіне і ўтварэньне новай канстытуцыі Ўкраіны. Найбольш пільным пастулатам ёсьць аднак адстаўка ўраду. Лідэры руху зноў апэлявалі да прэзыдэнта Януковіча, каб ён адправіў у адстаўку кабінэт Мыколы Азарава і абвясьціў датэрміновыя выбары. Як яны хочуць дамагчыся гэтага? Лідэр нацыяналістычнай партыі Свобода Алег Цягнібок заявіў: Мы заблакуем адміністрацыйныя будынкі, не дамо ім спакойна жыць! Мы наладзім гэтай уладзе такое пекла, што зямля будзе гарэць у іх пад нагамі!

У нядзелю на Майдане сабралася некалькі дзесяткаў тысячаў асобаў. Пратэсты, у выніку якіх на галоўнай плошчы Кіева паўстаў намётавы гарадок, аточаны барыкадамі, выбухнулі пасьля таго, як улады Ўкраіны адмовіліся падпісваць партнёрскую дамову з Эўразьвязам.

wyb, PAP

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,15179286.html

Што ж, падзеі ва Ўкраіне разьвіваюцца. Па ўсім (і па антыбеларускім рэжыме і па “дэмСМІ”, якія разгубіліся і часам нясуць абы-што пра Майдан і патрыётаў ды шкадуюць Леніна, які ўпаў і разьбіўся і г.д.) адчуваецца, што гэтыя падзеі і іх разьвіцьцё вельмі ўразіла рэжымны і псэўдаапазыцыйны істэблішмэнт. Яны глядзяць на Ўкраіну і калоцяцца ад страху, што гэта можа паўтарыцца ў Беларусі. Іх можна зразумець.

У сувязі з гэтым мяркуем, што цяпер ужо ў нетрах рэжыму пад кіраўніцтвам маскоўскіх спэцоў абываецца падрыхтоўка некалькіх псэўдаапазыцыйных, тупіковых варыянтаў умяшаньня ў магчымыя (будучыя) падзеі. Першы пеўнік ужо пракукарэкаў. Вядомы правакатар В. Сіўчык ужо заявіў, што, маўляў, “усе на Майдан, які мы арганізуем!” Мяркуем, што “адзіны дэмлідэр” А. Мілінкевіч зноў павядзе людзей у сумёты кветкі ўскладаць. Магчыма, што выскачыць, як Піліп з канапель, неадукаваны, але імпэтны, ці прафэсар Казулін зноў будзе заклікаць ісьці на нейкую турму. Новаўвядзеньнем можа цалкам верагодна быць абвяшчэньне нейкага “руху БелМайдана” ад Дзімітрыева або ягонага фармальнага кіраўніка Някляева. Вельмі важна ўжо цяпер зразумець сутнасць гэтай публікі і нікуды-ніколі не хадзіць з папамі-гапонамі, якія ўжо сябе паказалі і ня раз.

Янка Базыль