БЭРЛІНСКА-МАСКОЎСКІ ВАДЭВІЛЬ АЛЬБО АЎКЦЫЁН АМПЛУА ДЛЯ ХАДАРКОЎСКАГА

21 сьнежня чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” апублікавала артыкул пад тытулам “З Хадаркоўскага атрымаецца аўтарытэт тыпу Гавэла, прадказвае расейская дысыдэнтка”. Вось фрагмэнт гэтага артыкула:

Закулісьсе прэзыдэнцкага памілаваньня для самага вядомага вязьня і яго імгненная высылка ў Нямеччыну былі дасягнуты ў выніку звыштайных перамоваў, праведзеных былым кіраўніком нямецкай дыпламатыі Гансам-Дзітрыхам Гэншэрам. Гэта наводзіць агенцыю AFP на думку, што выезд замяжу быў умовай вызваленьня.

У палітыку ён ня пойдзе, мяркуе нямецкі спэцыяліст

Нямецкі спэцыяліст па Расеі Аляксандр Рар, які ўдзельнічаў у апэрацыі ў якасьці перакладчыка Гэншэра, заявіў, што вязьня абудзілі а другой гадзіне начы пытаньнем, ці ён згодны выехаць замяжу? Пашпарт і віза былі падрыхтаваныя.

“Я ня думаю, што ён пойдзе ў палітыку. Я нават гэта амаль выключаю”, — сказаў Рар ў тэлеінтэрв'ю. “Можа я крыху перабольшваю, але ён мог бы пайсьці тым жа шляхам, што Салжаніцын”, — дадаў ён.

Пісьменьнік і дысыдэнт Аляксандр Салжаніцын быў пазбаўлены грамадзянства ў 1974 годзе і прымусова выдалены з Савецкага саюза. У Расею ён вярнуўся ў 1994 годзе як шанаваны аўтарытэт.

Хадаркоўскага, які ў свой час быў найбагацейшым расейцам і кіраўніком найвялікшага нафтавага канцэрна ў краіне, бальшыня расейцаў ненавідзела так жа сама, як і іншых алігархаў, што ўзбагаціліся на сумніўнай прыватызацыі. Але Хадаркоўскі на працягу гадоў за кратамі напісаў процьму лістоў і артыкулаў, у якіх сьцьвярджаў, што шмат чытаў і думаў, а таксама глыбока перамяніўся.

Ён можа быць такім аўтарытэтам, як Гавэл, мяркуе дысыдэнтка

Вэтэранка савецкага і расейскага дысыдэнцтва Людзьміла Аляксеева прадказвае, што Хадаркоўскі можа стаць “маральным аўтарытэтам” на ўзор Вацлава Гавэла, які ўрэшце зрабіўся прэзыдэнтам.

Галоўны супернік Пуціна на хатняй сцэне Аляксей Навальны, які не хавае свае прэзыдэнцкія амбіцыі, павітаў вызваленьне “Міхаіла”, але аніслоўцам не згадаў аб яго магчымай ролі ў расейскай апазыцыі. (...)

iDnes.cz, CTK

Пераклаў з чэшскай В. Буйвал

Крыніца: http://zpravy.idnes.cz/bude-z-chodorkovskeho-havel-dpt-/zahranicni.aspx?c=A131221_221820_zahranicni_brm

У наяўнасьці даволі стракаты мэдыйны боб з гарохам. Тут ёсьць і вэтэранка Аляксеева, і “галоўны супернік Пуціна” Навальны, і спэц па Расеі Рар (якога мы некалі бачылі на гастролях у Менску ў амплуа спэца па Беларусі). Адны прымяраюць мільярдэру-алігарху тогу Салжаніцына, іншыя хламіду Вацлава Гавэла.

Цікава атрымліваецца, Хадаркоўскага немцы з Сібіры вызвалілі, але пакуль што ня ведаюць, што рабіць зь ім. Ня выключана, што заходнія мэнтары ўрэшце нацягнуць на алігарха паліт-апазыцыйныя шаты і пачнецца спэктакль, знаёмы нам па заходніх гастролях “адзінага дэмлідэра” А. Мілінкевіча. Зразумела, што маштабы будуць пасалідней (ды й пэрсанаж пасімпатычней разам з сваёй гулагаўскай сагай). А што, берлінскія лялечнікі навучаць хадзіць па сцэне, выдаваць маналогі, кланяцца і рабіць іншыя позы. Чаму б і не? Будзе новы акт “расейскай дэмакратыі і барацьбы за яе”. Публіцы будзе абяцана, што ўрэшце рэшт героя прышлюць зь Нямеччыны ў пламбіраваным вагоне і ўсё ў Расеі зьменіцца. Глядзіш, так і праіснуюць яшчэ якіх гадоў 4-6. Кур'ёзна будзе паназіраць за разьвіцьцём чарговага берлінска-маскоўскага вадэвіля.

Ян Булыга