АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (14–21.12.2013)
Палітычны тэатр
14 сьнежня 2013 г. французкая газэта “Le Figaro” апублікавала артыкул пад тытулам “У Кіеве штучна арганізаваная контр-маніфэстацыя падтрымшчыкаў Януковіча”. Спэццягнікі і спэцаўтобусы зьвезьлі ў Кіеў дзесяткі тысячаў людзей. Ім раздалі стандартныя плакаты з выявай Януковіча і расейскім дэвізам, што яны “вместе с ним”.
Наш камэнтар: Нават заходнія журналісты (якія часам нічога ня здольныя зразумець і заўважыць) заўважылі тандэтны паліттэатр Януковіча і ягонай групоўкі ды пачалі даваць адэкватныя камэнтары і ацэнкі. Можа мы дажывем да моманту, калі яны і зь Беларусьсю пачнуць адэкватна разьбірацца.
Алесь Хадасевіч
“Вывучаюць абстаноўку”
14 сьнежня 2013 г. італьянская газэта “La Stampa” апублікавала артыкул пад тытулам “Апошні выклік цара Пуціна. Атамныя ракеты на мяжы Эўразьвяза”. Газэта напісала, што разьмешчаныя ў Калінінградзкай вобласьці сучасныя ракеты — гэта адказ Масквы на антыракетны шчыт НАТО. Яны могуць дасягнуць Берліна. Немцы назіраюць за абстаноўкай.
Наш камэнтар: Беларусы даўно папярэджвалі немцаў і іншых, што значыць гуляцца ў пакты з Масквой. Вось і дагуляліся, цяпер “абстаноўку вывучаюць”...
Алесь Хадасевіч
Гаворыць абы гаварыць
14 сьнежня 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала: “Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Эўрасаюз трактуе Ўкраіну як “дармовы дадатак да прыбытку”. Ён заявіў таксама, што яго вельмі засмуціла, што ў справе Ўкраіны заходнія краіны згубілі пачуцьце рэчаіснасьці”.
Наш камэнтар: “Остапа понесло...” Хаця што ім яшчэ застаецца?
Юрка Марозаў
Расейская аплата
18 сьнежня 2013 г. летувіская газэта “Respublika” напісала, што ў сувязі з заяўленым зьніжэньнем коштаў на газ для Ўкраіны “Газпром” пацерпіць мільярдныя страты.
Наш камэнтар: Каб пакінуць Украіну пад сваім уплывам і забясьпечыць сваю імпэрскую пэрспэктыву (якой, на самой справе, няма), Масква ідзе на шалёныя выдаткі. Робіцца гэта замест элемэнтарнай гуманітарнай дапамогі для няшчасных разбураных крызісам і бязладдзем рэгіёнаў РФ. Але “дорогіе россіяне” гэтага не заўважаюць і радуюцца, што “Басфор і Дарданэлы павінны стаць рускімі!”
Юрка Марозаў
Калі чуеш ад расейцаў “братні народ” — трымай порах сухім
19 сьнежня 2013 г. латвійская газэта “Diena” напісала: “Расея мусіла дапамагчы Ўкраіне, бо “братні народ” патрапіў у сур'ёзныя эканамічныя і палітычныя цяжкасьці, заявіў у чацьвер прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін.
Наш камэнтар: Маскоўскія заявы пра “братні народ” украінцы чуюць даўно: у часы царызма, бальшавіцкага тэрора, Галадамора, пабудовы сэрыі АЭС на ўрадлівых украінскіх землях і Чарнобыльскай катастрофы. Народ даўно ўжо зразумеў змрочны сэнс гэтых заяваў і хоча трымацца ад Масквы як мага далей.
Юрка Марозаў
Уганда нармалізуецца
21 сьнежня 2013 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра рашэньне парляманту афрыканскай Уганды. Новы закон краіны будзе караць за гомасэксуалізм пажыцьцёвым зьняволеньнем.
Наш камэнтар: Па ўсім лібэральным сьвеце пайшлі хвалі “свяшчэннага гнева”. А кіраўніцтва Уганды ведае, што робіць. Краіна перажыла дзесяцігоддзі канібальскай тыраніі, жудасную грамадзянскую вайну, тэрарызм. Грамадзтва трэба ратаваць, вяртаць у нармальнае чалавечае жыцьцё. Эліты добра разумеюць, што з пэдэрастамі і лесбамі нармальнасьці ніколі ня будзе.
Юрка Марозаў