АДНАЎЛЯЮЦЬ КУЛЬТ ЛЕАНІДА ІЛЬЛІЧА

19 сьнежня чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” апублікавала артыкул пад тытулам “Жытло Брэжнева зноў аздабляе памятная шыльда. Гэта ёсьць даніна гісторыі, як сказалі”. Вось гэты артыкул:

На дом у цэнтры Масквы, у якім на працягу дзесяцігоддзяў жыў былы савецкі валадар Леанід Брэжнеў, у чацьвер вярнулася памятная шыльда. Так сталася падчас цырымоніі, прысьвечаная 107-й гадавіне нараджэньня Брэжнева. Дэпутаты правячай партыі “Адзіная Расея” вызначылі вяртаньне памятнага знаку як “даніну гісторыі”.

Леанід Брэжнеў у доме нумар 26 на Кутузаўскім праспэкце жыў з 1952 года да самай сваёй сьмерці праз трыццаць гадоў. У цырымоніі ўзяла ўдзел, акрамя групы вэтэранаў другой сусьветнай вайны і дэлегацыі маскоўскай мэрыі, таксама некалькі дэпутатаў фэдэрацыі.

“Гэта ёсьць частка аб'ектыўнай ацэнкі правадыра нашай краіны”, — сказаў пры адсланеньні шыльды дэпутат ад “Адзінай Расеі” Аляксандр Хінштэйн, зазначыўшы, што аднаўленьне не зьяўляецца рэабілітацыяй сацыялізма і Брэжнява як палітыка. Па словах дэпутата і ўслаўленага ў Расеі сьпевака патрыятычных песень Ёсіфа Кабзона, Расея многім абавязаная Брэжняву. Яго імем павінны быць, паводле Кабзона, названыя вуліцы і плошчы.

Шыльду на Кутузаўскім праспэкце ўпершыню адсланілі адразу ж пасьля сьмерці Брэжнева. Пасьля распада Савецкага саюза яны была дэмантавана ў 1991 годзе і перададзена ў якасьці расейскага дару ў Музэй берлінскага мура ў сталіцы Нямеччыны. Памятная шыльда з партрэтам Брэжнява, адслоненая ў чацьвер у Маскве, зьяўляецца яе дакладнай копіяй.

1964-1982 гады, калі Брэжнеў валадарыў у якасьці кіраўніка камуністычнага палітбюро, у Расеі часам вызначаюць як пэрыяд стагнацыі. Брэжнеў жорстка перасьледваў савецкае дысыдэнцтва, ў часы яго ўлады савецкія войскі ўварваліся ў Чэхаславакію ў 1968 годзе і ў Аўганістан у 1979 годзе. Нягледзячы на гэта многія расейцы ўспамінаюць яго з удзячнасьцю. У нядаўнім анкетаваньні Брэжнеў быў вызначаны як лепшы валадар краіны ў ХХ стагоддзі.

CTK, iDNES.cz

Пераклаў з чэшскай В. Буйвал

Крыніца: http://zpravy.idnes.cz/pametni-deska-lenid-breznev-moskva-dtl-/zahranicni.aspx?c=A131219_163320_zahranicni_hro

У Маскве “чудят” ды яшчэ ў імя “гістарычнай праўды”. Што ж, няхай забаўляюцца. Асабліва тыя, хто, як Кабзон, абавязаны эпосе Брэжнява літаральна ўсім. Як бачым, “дорогіе россіяне” ў анкеце паставілі крыжык каля Л.І. Брэжнява, але ніхто зь іх не прышоў дабраахвотна на цырымонію аднаўленьня шыльды.

Для пакаленьня цяперашніх 30-гадовых ён зусім невядомы. Для 40-гадовых слаба памятны. Для маладзейшых расейцаў Брэжнеў нешта, як цар Гарох. Аднак, усё пазнаецца ў параўнаньні. На адлегласьці рэтраспэкцыі кштлаты і абрысы эпохі брэжнявізма выглядаюць інакш. Леанід Ільліч і ягонае палітбюро (хаця пра іх распавядалі анэкдоты і сьмяяліся) уяўляюцца цяпер нейкай даволі манумэнтальнай зьявай, стылістычна цэльнай і стабільнай. У той час было нашмат больш адназначнасьці: Бога нет, товарішчі; царская Россія — тюрьма народов; все нас боятся; я русскій бы выучіл только за то... і г.д. Не выпадкова, што многім мільёнам савецкіх людзей, людзям практычным, разумным і цьвярозым існаваньне СССР здавалася вечным і бясконцым. Многія думалі нават, што сам Брэжнеў будзе вечным. Таму сярод іншага згаданыя мільёны людзей зьбіралі ў хованках і ашчадных касах дзесяткі тысячаў сэканомленых рублёў “на похороны”, “на внуков” і падобнае. І калі ўсё гэтае “вечнае і манумэнтальнае” пачало валіцца амаль адразу пасьля сьмерці Брэжнява, то гэта ўспрымалася многімі як абвал неба на зямлю. Некаторыя дагэтуль не зразумелі, што ж гэта тады адбылося.

І ўсё ж такі. Паўторымся, у брэжняўскіх крамлёўскіх баяраў была “неповседневная стать”. Гэта былі сапраўдныя пародзістыя паханы прафэсійнай дзяржмафіі. Іх сапраўды цікавіў лёс імпэрыі. Ім і ў галаву не прышло б рабіць тое, што вытвараюць цяпер у Расеі іхныя лубянскія пераемнікі. Крамлёўскія палаты занялі дробныя апэркі. Яны з паперкі не чытаюць, але свае прамовы выдаюць з плебейскімі грымасамі і тузаньнем у стылі вулічнай шпаны. Гэта ўжо не Карлеёнэ, а самая нізкая мафійная катэгорыя. Дзякуючы ёй гніеньне імпэрыі набыло ўнівэрсальны і неабарачальны характар. Яны раскрадаюць народныя багацьці, адчуваючы набліжэньне канца сваёй улады. Усім зразумела, што якраз гэтыя ня вечныя. Сьвяты цар Мікалай ІІ Крывавы і адначасна роўнаапостальны сьвяты Ленін і многае іншае — такой шызафрэнічнай эклектыкі даўно не было ў гісторыі Маскоўшчыны.

Самае галоўнае, каб яны цешыліся сваімі ўспамінамі, шыльдамі, сваёй імпэрыяй, гніеньнем і г.д. без нас, без беларусаў.

Валеры Буйвал