СЫМВАЛІЧНЫЯ “ПАДАРУНКІ” ДЛЯ ВІНАВАЙЦАЎ

18 сьнежня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Крывавыя ялінкі” для Ахмэтава і Клюева”. Вось фрагмэнт гэтага артыкула:

“Крывавыя ялінкі”, сьвяточныя дрэўцы, абвешаныя здымкамі зьбітых міліцыяй студэнтаў, сталі перад сядзібай фірмы найбагацейшага ўкраінца Рыната Ахмэтава і бюро сакратара Рады Нацыянальнай Бясьпекі і Абароны Андрыя Клюева ў Кіеве.

Туды іх прынесьлі ў сераду ўдзельнікі пратэстаў на Майдане Незалежнасьці, якія дамагаюцца пакараньня вінаватых у брутальным нападзе міліцэйскіх сілаў, які адбыўся на галоўнай плошчы сталіцы Ўкраіны раніцай 30 лістапада сёлета. Траўмы атрымалі тады некалькі дзесяткаў асобаў, перш за ўсё студэнты сталічных ВНУ, а таксама два грамадзяніны Польшчы.

Клюева абвінавачваюць у тым, што гэта ён аддаў загад на напад. Ён ёсьць уплывовым палітыкам прэзыдэнцкай Партыі Рэгіёнаў, якая фінансуецца, сярод іншага, з сродкаў Ахмэтава. “Ахмэтаў — гэта спонсар крывавай ялінкі!” — было напісана на транспарантах, якія трымалі людзі.

Ахмэтаў корміць сваімі грашыма ўсю гэтую бандыцкую брацію, якая сёньня ва ўладзе ва Ўкраіне. Мы лічым, што ён нясе адказнасьць за тое, што цяпер тут адбываецца. Ахмэтаў кантралюе групу Партыі Рэгіёнаў у парляманце з прыкладна 50 дэпутатаў. Калі ён асуджае напад на студэнтаў, то няхай пагодзіцца на роспуск парляманта і датэрміновыя выбары — сказала Анастасія Ніжнік, адна з удзельніц акцыі перад кіеўскай сядзібай карпарацыі Ахмэтава System Capital Management. (...)

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1073680--Krwawe-choinki--dla-Achmetowa-i-Klujewa.html

“Тыповыя ўкраінцы”, аказваецца, нясуць адказнасьць за крывавы напад на ўкраінскую моладзь — фінансавы хан Ахмэтаў і товарішч Клюев. Нават у гэтым адлюстравалася прырода рэжыму, які апанаваў Украіну.

На наш погляд, акцыя ўкраінскіх патрыётаў сымвалічная і трапляе ў самую кропку. Гэта вам не А. Лебедько з групай таварышаў, якія вышлі на плошчу Незалежнасьці ў Менску, каб “адсьвяткаваць трэція ўгодкі Крывавай нядзелі 19 сьнежня 2010 г.” Усе яны весела сьмяяліся і выпускалі з клеткі белых галубоў. Няхай бы А. Лебедько і іншыя распавялі, як яны разам з рэжымам заганялі людзей на фальшывыя “прэзыдэнцкія выбары”, як іхныя аднапартыйцы былі пацешнымі кандыдатамі. Як потым яны павялі дзесяткі тысячаў беларускай моладзі з плошчы перад палацам дыктатара на ЦВК, дзе была падрыхтавана пастка і брутальная расправа. Няхай раскажуць, як яны пачынаюць цяпер рабіць тое ж самае, што павінна скончыцца тым жа самым...

Сяргей Камароўскі