ДЗІКАЯ АРХІТЭКТУРА
21 сьнежня румынская газэта “Evenimentul Zilei” апублікавала артыкул пад тытулам “Дом Народа ўключаны ў сьпіс самых кур'ёзных пабудоваў сьвету”. Вось гэты артыкул:
Дом Народа ў Бухарэсьце быў уключаны ў сьпіс з 21 “кур'ёзнай пабудовы ўсяго сьвету”, разам з іншымі пабудовамі ў Абу Дабі, Швэцыі і Францыі.
“Пабудаваны ў эру Савецкага Саюза, сталінісцкі сымвал зьяўляецца другім па велічыні адміністрацыйным будынкам ў сьвеце. Ён настолькі вялікі, што яго можна амаль выразна ўбачыць з космасу”, — напісаў выдавец сайта Buzzfeed, які склаў сьпіс, названы “21 самая кур'ёзная пабудова ўсяго сьвету”.
Класіфікацыя ўключае, сярод іншага, Сусьветны сэйф насеньня ў Лонгіэр (Нарвэгія), Дом плана ў Анхуі (Кітай), Музэй сучаснага мастацтва Kunsthaus у Грацы (Аўстрыя), Храм Лотаса ў Дэлі (Індыя) і адміністрыцыйны будынак Крывы Дамок у Сопаце (Польшча).
В1.ro
Пераклаў з румынскай В. Буйвал.
Укладальнікі гэтага кур'ёзнага сьпісу аглядаюць толькі вынік архітэктурна-будаўнічай актыўнасьці (калі так можна сказаць) архітэктараў і тых, хто за імі стаіць. Што тычыцца, Дома Народа, то трэба адзначыць, што Чаўшэску загадаў зьнішчыць практычна ўвесь стары цэнтар Бухарэста пад сваю шызоідную кічавую новабудоўлю. Былі сьцертыя з твару зямлі цэлыя гістарычныя кварталы, цудоўны праваслаўны кляштар 16-17 ст. Усё дзеля пачварнага праспэкта і каласальнага палаца дыктатуры.
Свой архітэктурны сымвал мае і лукашызм. Гэта “Чупа-чупс”, як называюць студэнты будынак “Національной бібліотекі”. На шчасьце, пад гэтую кур'ёзную забудову лукашысты зьнішчылі толькі невялікі кварталік традыцыйных вясковых дамкоў. Але ў “бібліятэку” убухалі столькі бэтону і грошай, што гэта не паддаецца апісаньню. Усё гэта будзе прааналізавана і апублікавана ў вызваленай Беларусі. Часьцей за ўсё, калі рэжым зьнішчае архітэктурныя каштоўнасьці, на гэтым месцы застаецца проста пустэча. Гэта ёсьць варварская радасьць зьнішчэньня. Такую “радасьць” мы назіраем, напрыклад, на беразе Сожа ў Гомелі. Там чатыры гады таму былі зьнішчаны прыгожыя камянічкі пачатку 20 ст. Шэдэўры гомельскай сэцэсіі, яны ацалелі ў часы вайны і занядбаньня (а ў 1943 г. яны знаходзіліся на працягу месяца непасрэдна на лініі фронта), каб быць сьцертымі на загад ненавісьнікаў Беларусі ў мірны час.
Мы адкрываем мясцовы антыбеларускі дадатак да згаданага сьпіса менавіта “Чупа-чупсам”. Прапануем чытачам прысылаць нам свае прапановы ў гэты сьпіс з таго, што “настваралі” на нашай зямлі акупанцкія “стваральнікі”.
Валеры Буйвал