ПАЧАЛІ ЗЬЯЎЛЯЦЦА ЦЫРКАВЫЯ “ПРАРОКІ”
Тыя, што стаяць за пэўнай часткай беларускай моладзі, перапробвалі ўжо розныя сцэнары і спэцэфэкты. Над моладдзю спрабавалі ўзьняць джынсовую анучу замест нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, спрабавалі замяніць сьвятую Пагоню папяровым бусьлікам. Потым зьявіліся апэльсінавыя сьцягі з сілуэтам дзюбатай птушкі, неадукаваныя асобы кшталту Дашкевіча былі прыстаўлены лідэрамі маладзёвых груповак. Былі ды сплылі “Зубры”, “Белы легіён”, “Чырвоны жонд” і безьліч іншых крэатур вядомай канторы. Бальшыня публікі ў іх была заўважана ў разьвязных паводзінах і непрыйманьні беларускай мовы. Былі “гераічныя пэрформансы”, калі пяцьдзесят маладзёнаў сядалі на брук у цэнтры сталіцы, гераічна пілі ваду з пляшак або самааддана чыталі бальшавіцкую газэту “Товарищ”, а “дэмСМІ” выдавалі ўсё гэта ў якасьці “патрыятычнага супраціву беларускай моладзі”. Потым па сталіцы і некаторых гарадах пракаціліся “маўклівыя акцыі” пратэста. Людзі хадзілі па вуліцах, пляскалі ў ладкі, тупалі нагамі — а грамадзтва павінна было трактаваць гэта як “змаганьне супраць дыктатуры”. Шмат людзей пацярпела тады ў выніку гэтай маўклівай бязглузьдзіцы, арганізаванай цынічнай агентурай, для якой самым важным было, каб беларусы маўчалі і не ўздымалі над сабой свой Нацыянальны Сьцяг.
Патрыёты-фронтаўцы заўсёды называлі гэтыя правакацыйныя дзеяньні “палітычным цыркам” або проста “цыркам”. Апошнім часам мы назіраем чарговы акт цыркавога сэзону, пра што мы паведамілі ў нядаўнім артыкуле “Выходзяць на арэну цыркачы”. Мы не памыліліся, рэжым мабілізаваў на цыркавую арэну ня толькі даўно засьвечаных пэрсанажаў “у аўтарытэце” як А. Мілінкевіч або Ул. Някляеў. Пачалі падцягвацца ў агні рампы і менш вядомыя выступоўцы.
15 сьнежня каля будынка Берасьцейскага аблвыканкама адбыўся “пэрформанс”. Малады чалавек А. Чаркашын у нейкім стылізаваным “рубішче” замкнуў сябе рукі кайданкамі, нашмараваў іх чырвонай фарбай і выдаў маналог у стылі сярэднявечных вулічна-плашчадных “прарокаў”. Мелася на ўвазе менавіта гісторыя Маскоўшчыны, таму што пэрфармантар выдаў свой тэкст на даволі прыстойнай расейшчыне. З тэкстам можна пазнаёміцца ў відэа.
Такое сапраўды адпрацавана ў Маскве. Ня так даўно адзін “пратэстоўшчык” выйшаў на Чырвоную плошчу і насупраць Крамля прыбіў цвікамі свае гэніталіі да брука. Пра гэты “пратэст” паведамілі тады СМІ ўсяго сьвету. Але “нашыя не лыкам шыты”. А. Чаркашын пададзены як “актывіст БХД” і, зразумела, без квазірэлігійнай лексікі і рыторыкі свой нумар ён ня мог адпрацаваць. Нагадаем, што БХД было раскручана колькі гадоў таму дзеля запаўненьня нішы хрысьціянскай дэмакратыі ў Беларусі, каб засьціць і вычварыць дзейнасьць Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Вось яны і “засьцінаюць”. Добра, што публічным членапашкоджаньнем не займаюцца. А можа ўсё яшчэ наперадзе?
Тое, што адбывалася падчас і пасьля “пэрформанса”, — зьява нештодзённая. Замест дзікіх рэпрэсій ахоўны міліцыянт аблвыканкама ветліва прасіў маладзёна спыніць “гарачку” і выдаліцца ад дзяржаб'екта. Той нумар скончыў і пайшоў прэч. Але ў суседнім квартале яго лёгка апазналі (яшчэ б не!) і здалі ў псіхбольніцу. І ведаеце што? Шматгадовы досьвед сацыяльнага жыцьця паказвае — так з гэтай асобай паступілі б у самай дэмакратычнай краіне. Калі б нехта пачаў так вырабляцца перад мэрыяй Парыжа або перад Белым домам, яго б спынілі і накіравалі б на псіхкамісію. Бо дэмакратыі лічаць, што такога кшталту несанкцыянаванае пазіраваньне пад кровапраліцьце, катаваньні і падобнае можа адмоўна адбіцца на псіхіцы мінакоў, дзяцей і грамадзтва ў цэлым. Нехта ж у Берасьці быў зацікаўлены ў тым, каб прадстаўнікі ўлады паводзілі сябе менавіта так.
Мяркуем, што цяпер з русскоязычного “прарока” Чаркашына будуць ляпіць героя-камікадзэ, а структурку БХД падаваць як апірышча хрысьціянскай маралі ў нашай паняволенай краіне. Няхай лепяць і падаюць, праца ў іх такая. Наша задача палягае ў тым, каб высьветліць прычыны гэтага акту з “крыві і жалезьзя” у нашым абласным цэнтры. Галоўная прычына, на наш погляд, гэта падзеі ва Ўкраіне. Баючыся паўтарэньня масавых, арганізаваных, цывілізаваных пратэстаў у Беларусі, рэжым выпускае наперад маскарадных экзотаў, чэрававяшчальнікаў, гукальшчыкаў пра “народны рэфэрэндум” і падобных. Нам празрыста намякаюць, што сапраўдны пратэст гэта і ёсьць такое вось вырабляньне перад дзяржаб'ектамі, як у Берасьці. Не палымяныя, разумныя прамовы на Майдане, не мора нацыянальных сьцягоў, не сьпяваньне мільёнам людзей патрыятычных гімнаў, а “русскоязычны прарок Чаркашын”. Думаем, што ў бліжэйшы час мы пабачым яшчэ розных шутоў гарохавых у сталіцы і іншых мясцовасьцях нашай краіны. Бачна, што канторы гэта спадабалася.
Сэнс гэтага маскарада ў тым, каб беларускае грамадзтва ўспрымала беларускі супраціў менавіта як такое вось збачэнскае дзеяньне. Каб людзі ня бачылі альтэрнатывы, адварочваліся ад “оппозіціі” і сядзелі ціха. Але наш народ разьбярэцца. У нас умеюць спачуваць хворым асобам, але ня любяць прытворных публічных блазнаў.
Ян Булыга