ВЫХОДЗЯЦЬ НА АРЭНУ ЦЫРКАЧЫ...
Апошнія дні азнаменаваліся ў нашай краіне павышанай цыркавой актыўнасьцю вядомых і менш вядомых майстроў жанра. Яны выйшлі на сацыяльную арэну і пачалі настойліва апэляваць да грамадзян, раздаючы свае агіткі, надрукаваныя друкарскім спосабам.
Зялёныя агіткі (”цвет здоровья і счастья”) распаўсюджваюцца ў людных месцах: у асноўным у холах супэрмаркетаў. Тут аформлены гэткія бункеры-інфармцэнтры, уся абслуга ў зялёных кашульках. Маладзіцы раздаюць агіткі і тлумачаць асноўнае. Мужчыны пасалідней апрацоўваюць публіку, якая хоча грунтоўнай інфармацыі. Йдзецца пра падзабыты “Herbalife”. Вам даказваюць, што “гэрбалайф — гэта кайф”, які мае “целых пять преимуществ: 1. эффективность, 2. безопасность, 3. комфорт, 4. персональный подход, 5. миллионы потребителей”.
Агіткі з бардовым шрыфтом раскідваюць па паштовых скрынях грамадзян служачыя дзяржаўнай паштовай службы разам з рэкламнай газэткай “Минск на ладони”. Такім чынам, мы ў чарговы раз бачым, як антыбеларускі рэжым абслугоўвае антыбеларускую псэўдаапазыцыю. Іхняя агітка, зразумела, напісана на акупанцкай мове і называецца “Народный Референдум”. Цытуем з тэкстоўкі:
“Беларуси нужен референдум! Чтобы построить надёжное государство, которое уважает граждан. Чтобы развивать экономику (...) Власть устала, не уважает нас и не решает наши проблемы. Мы не требуем ничего особенного, но...
Референдум — это твоё, наше право! (...)
Идею проведения референдума для корректировки курса развития Беларуси поддерживает большинство граждан страны”.
Мяркуем, што цытаваньня дастаткова, каб пераканацца ў тым, што маем справу з вырабленай дэмагагічнай тарабаршчынай. Нам асабліва спадабаліся два пасажы: пра “власть устала” і “референдум для корректіровкі курса развітія”. Мабыць на Лубянцы або ў мясцовым філіяле завяліся арыгінальныя мысьляры і стылісты. Гэта ж трэба так закруціць!
Хто ж стаіць за гэтай чарговай рассылкай паперак? Яны не хаваюцца, у агітцы ёсьць іхныя фотапартрэты. З найбольш вядомых — гэта А. Мілінкевіч з фірменнай усьмешачкай, Ул. Някляеў з фірменна ўзьнятым кулаком і А. Янукевіч з фірменным галіхвэ за кадрам, але з выразнай згадкай пра псэўда-БНФ, дзе ён служыць лідэрам. Тут найбольш кідаецца ў вочы проза ад паэта з кулаком, цытуем: “Моя любимая страна заболела...”
Шумная кампанія з “гэрбалайфам” адшумела ў Беларусі гадоў 6-8 таму. Грамадзяне выдалі прайдзісьветам шмат грошай, каб атрымаць абяцаны “кайф” і аздараўленьне. А потым кампэтэнтныя міжнародныя арганізацыі аховы здароўя паведамілі, што такзваны “гэрбалайф” — гэта вельмі шкодная для здароўя ўсяго жывога мяшанка. Кампанію прыкрылі. Але, як бачым, яе нехта хватка рэанімаваў. І чаму менавіта цяпер, вось цікава?
Беларусы шмат разоў мелі магчымасьць пераканацца, што агіткі палітычных “гэрбалайфшчыкаў” таксама кепска адбіваюцца на здароўі і сацыяльна-палітычным становішчы. І чаму іх мабілізавалі менавіта цяпер? У “дэмСМІ” яны навыперадкі дыскутуюць “за” і “супраць” Наррэфэрэндума. Без акуляраў бачна, што рэжысёры чарговай апазыц-хімеры разьмеркавалі паміж імі ролі, і цяпер кожны адпрацоўвае свой тэкст. Яны спадзяюцца, што ўсё грамадзтва пачне гукаць “за” і “супраць” усьлед за імі. У наяўнасьці чарговы акт запаўненьня інфармацыйнай прасторы і галоваў людзей пустазвонствам. Асабліва прыкметна, што гэтае шоў разгортваецца на фоне драматычных падзей у суседняй Украіне. Але наша грамадзтва разьбярэцца, што да чаго.
З цыркачамі пачало нават разьбірацца міжнароднае грамадзтва, якое яны вадзілі за нос доўгія гады. Прыкметай гэтаму ёсьць не падзея, а адсутнасьць падзеі. 11 сьнежня Радыё Свабода паведаміла, што ў Менск прыбываюць важныя прадстаўнікі палітыкі ЗША. Яны маюць сустрэцца з тав. Макеем, а потым сустрэнуцца з “прадстаўнікамі апазыцыі”. РС нават выдала “гоп перад скачком” — выказваньні псэўдаў аб тым, што яны скажуць амэрыканцам пра сваю барбу. Але вось жа, РС і іншыя нічога не паведамілі аб той сустрэчы. Зразумела, што яе не было. Амэрыканскія палітыкі не пажадалі бачыцца з мясцовымі палітцыркачамі. Падзеі ў Кіеве паказалі ўсім, як паводзяць сябе сапраўдныя палітычныя фігуры і патрыёты. І не дапамогуць цыркачам ні ўсьмешачкі, ні сьціснутыя кулакі, ні звонкая дэмагогія.
Ян Булыга