КРУГ НА СЬНЕЗЕ

Чэрвень 168 г. да н.э. Пераможныя сірыйскія легіёны стаяць у Элеўсіне. Пераможца Антыёх Эпіфан углядаецца ў белыя дамы і палацы Александрыі, якая зусім непадалёк, і гатовы аддаць загад на канчатковы штурм варожай сталіцы. Раптам яму даклалі, што прыехаў нештодзённы госьць. Да ягонага шатра хуткім крокам набліжаецца амбасадар Рыма сэнатар Гаюс Пампіліюс Лаэнас. Ён уручыў сірыйскаму цару пасланьне сэната з патрабаваньнем скончыць вайну і вывесьці войска з Эгіпта.

Антыёх просіць даць яму час падумаць і параіцца з прыдворнымі. Але пасланец магутнага Рыма нахіляецца і крэсьліць кіем круг на пяску вакол постаці цара. І тлумачыць спакойным голасам: “Раней чым ты выйдзеш з гэтага круга, ты дасі адказ сэнату.” Праз некалькі хвілін трубачы пратрубілі збор, легіёны пачалі шыхтавацца, распачаўся марш “восвоясі”...

Сьнежань 2013 г.н.э. Уноч з аўторка на сераду паліцэйскія легіёны цара Ўкраіны брутальна выцесьнілі абаронцаў айчыны з цэнтра Кіева (дзясяткі параненых з абодвух бакоў) і разьбілі іхныя барыкады. Маскоўскія тэлеканалы паказваюць бадзёрага прэм'ера Азарава, які дзеліцца планамі пра далучэньне да Мытнага зьвязу зь вялікай і недзялімай Масквой. Пераможцы пусьцілі на “зачышчаны” Майдан маскоўскіх тэлерэпарцёраў і тыя бадзёра і звонка пераказваюць як і што. Сталіца ўжо даведалася пра начныя падзеі, да Майдана сьцягваюцца тысячы ўкраінскіх патрыётаў. На Майдане заўважная таксама сімпатычная жанчына ў блакітнай куртцы. Яна ходзіць сярод патрыётаў і паліцэйскіх шыхтоў і раздае тым і другім дэсэртныя булачкі з поліэтыленавага мяшэчка, прыязна ўсьміхаецца. Калі булачкі канчаюцца, легіёны шыхтуюцца і адмаршыроўваюць прэч. Украінцы зноў пачынаюць будаваць барыкады. У абед маскоўскія тэлеканалы зноў паказваюць прэм'ера Азарава і сваіх рэпарцёраў. За некалькі гадзін зь імі адбылася мэтамарфоза. Бадзёрасьць зьнікла, зьявілася нейкая прыпухласьць на тварах, галасы згубілі звонкасьць. І ўжо няважна, што яны гавораць, усё зразумела без словаў.

Булачкі на Майдане раздавала пані Вікторыя Нуланд, нам. памочніка дзяржсакратара ЗША, самай магутнай дэмакратыі ў сьвеце. А яе кіраўніцтва тым часам патэлефанавала ўкраінскаму начальству і “яны пагаварылі”. Безумоўна былі тэлефанаваньні і з Масквы, але пра іх СМІ нічога не паведамляюць.

Справа ў тым, што на бок народа Ўкраіны, які ня хоча вяртацца ў расейскую імпэрыю, сталі дэмакратычныя дзяржавы Эўропы і сьвету. У Кіеў прыязджалі і нават асабіста прамаўлялі на Майдане аўтарытэтныя палітычныя прадстаўнікі розных краін. Прэзыдэнт Януковіч паспрабаваў разагнаць мірную антымаскоўскую патрыятычную маніфэстацыю, але зь ім “пагаварылі” і ён аддаў загад на адступленьне. Ён раптам пачаў прапанаваць апазыцыі перамовы за круглым сталом. Усе ўжо заўважылі, што нават сілавікі раздражнёныя тым, што іх падстаўляюць пад народны гнеў. Спэцназ заходніх вобласьцяў з самага пачатку падзеяў заявіў, што ня будзе дзейнічаць супраць народа. А 11 сьнежня ў Кіеў адмовіўся ехаць ужо й кіраваградзкі “Беркут”. Генэралы і палкоўнікі міліцыі разумеюць, што яны могуць аддаць загад разьбіць мірны народны пратэст. Але што будзе заўтра? Хто будзе адказваць за ахвяры і кроў? Кіраўнікі рэжыму ўжо некалькі разоў публічна ўмылі рукі і заявілі, што яны такіх загадаў не аддавалі. А справа, што называецца, падрастрэльная.

Што ж адбылося? Што за знакі нарысаваліся на кіеўскім сьнезе?

Людзі вярнуліся на ранейшыя пазыцыі і да ночы адбудоўвалі барыкады, адбудавалі ў два разы большыя і ў розных месцах сваёй сталіцы. Змаганьне працягваецца. Дэмакратычны сьвет падтрымлівае абаронцаў незалежнай Украіны. Палітычныя лідэры і грамадзтвы шануюць тых і дапамагаюць тым, хто стаў на абарону сваёй дзяржавы і дэмакратыі, хто супрацьпаставіўся паганай Маскве.

Валеры Буйвал