АЛЕГ ЦЯГНІБОК: МЫ НЕ ДАПУСЬЦІМ, КАБ НА НАШУ ЗЯМЛЮ СТАЎ БОТ МАСКВЫ!

“Цяпер з Крыма паступае трывожная інфармацыя: ёсьць дадзеныя, што Чарнаморскі флёт Расеі нібыта распачынае антытэрарыстычныя вучэньні з удзелам марской пяхоты. Мы мусім паставіць заслон гэтым агрэсіўным дзеяньням Крамля, які даўно выношвае ідэю зьнішчэньня незалежнасьці Ўкраіны, зацягнуўшы яе ў сваю арбіту. У гэты Дзень Годнасьці давайце скажам гучна і рашуча, каб нас пачулі на Пячэрскіх пагорках, каб пачулі ў Маскве: ніякіх “таёжных саюзаў”! Мы забараняем Януковічу што-кольвечы падпісваць у Маскве. Украінцы — супраць! Мы не дапусьцім, каб на нашую зямлю стаў бот Масквы!” Пра гэта заявіў лідэр УА “Свобода” Алег Цягнібок падчас выступа на трэцім усенародным вечы на Майдане Незалежнасьці 15 сьнежня 2013 года.

Кіраўнік Усеўкраінскага аб'яднаньня “Свобода” заявіў:

“Ужо ўвесь сьвет убачыў, што правакацыйныя і ганебныя паводзіны ўлады інсцэнізаваныя з Крамля, які хоча раскалоць Украіну, патапіць яе ў крыві. Мы разумеем: Крэмль прагне адраджэньня новага СССР, куды й цягнуць Януковіча. Таму 17 сьнежня для нас, украінцаў, будзе надзвычай важны дзень: тады ўсе мы, усёй грамадой, на гэтай плошчы і па ўсяе Ўкраіне, павінны сказаць рашучае “Не!” — “Таёжнаму саюзу” з Расеяй.

Я добра памятаю, як 23 гады таму мы, студэнты, галадалі тут. Тады мы таксама казалі “не” саюзнай дамове. І мы перамаглі — Савецкі Саюз разваліўся. І сёньня мы зноў павінны сказаць сваё рашучае слова, каб улада пачула: Мы забараняем прэзыдэнту што-кольвечы падпісваць у Маскве. Украінцы — супраць! Мы не дапусьцім, каб на нашу зямлю стаў брудны бот Масквы!”

Тыдзень таму ў Кіеве ўпаў ідал Леніна. І гэта — глыбока сымвалічна: гэта як падзеньне Берлінскага мура, якое азначала канец раздзяленьня нямецкай нацыі. Пасьля падзеньня Леніна на Бэсарабцы (зона ў цэнтры Кіева — заўвага перакладчыка) таксама павінна адбыцца з'яднаньне ўкраінскай нацыі. У нас ёсьць усё для гэтага. Доказ гэтаму — мільёны грамадзян на плошчах па ўсёй нашай дзяржаве. Наша нацыянальная годнасьць яскрава праявілася тут, на Майдане. Менавіта таму сёньняшняе веча называецца “Дзень Годнасьці” — дзень годнасьці кожнага ўкраінца! І ўлада проста вымушана слухаць народ і скарыцца яго волі.

Ня ведаю, колькі будзе працягвацца наша барацьба, але нашы продкі таксама ваявалі гадамі, клалі галаву за сьвятую ідэю. І мы тут ўсе аддаем сябе за ідэю — за цывілізаваную Ўкраіну, дзе ўлада і грамадзяне чуюць і паважаюць адно аднаго, дзе чалавек пачуваецца абароненым, дзе кожны мае пэрспэктыву. Дык дзеля перамогі мы павінны яшчэ больш мабілізавацца, гуртаваць нашы шыхты.

Гэтая ўлада ўжо пачала сыпацца. Пакуль што гэта дробныя саступкі ўлады, якая адпускае нашых хлопцаў — ужо на волі дванаццаць актывістаў Майдана. Што праўда, адначасова супраць іншых заводзяць новыя крымінальныя справы. Але нам гэтых дробных саступак мала. Павінны быць вызваленыя ўсе актывісты, перасьлед павінен быць спынены ў адносінах да ўсіх удзельнікаў акцый пратэста ў дзяржаве. А гэтыя трое — Папоў, Карак і Сіўковіч (мэр Кіева і міліцэйскія начальнікі — заўвага перакладчыка) — якіх адхілілі ад выкананьня за крывавыя справы ўлады — гэта далёка ня ўсё. Трэба пакараць усіх — заказчыкаў, арганізатараў і выканаўцаў злачынных дзеяньняў у адносінах да пратэстоўцаў. Таму адстаўка ўраду — лёзунг, які застаецца актуальным. Акрамя таго, гэта вызваленьне ўсіх палітвязьняў і пакараньне ўсіх зьвяроў у пагонах, хто біў мірных грамадзян.

Наступнае: вымагайма зьмену сістэмы ўлады і поўнай яе перазагрузкі. Нам не патрэбная дзяржава, у якой зьменяцца абліччы кіраўнікоў і таблічкі ў кабінэтах чыноўнікаў і на гэтым усё скончыцца. Неабходная выбарнасьць суддзяў, міліцыі, каб народ мог адклікаць ня толькі Прэзыдэнта або народнага дэпутата, а й любога, хто незадавальняюча выконвае сваю працу. А для гэтага неабходны новы закон аб выбарах і новая Цэнтральная выбарчая камісія. Толькі так мы цалкам перазагрузім ўсю сістэму ўлады ва Ўкраіне.

Палітычны крызіс павінен завяршыцца нашай перамогай, каб мы адчулі гонар за тое, што мы — украінцы! Найважнейшае цяпер — гэта наш дух, энэргія, патрыятызм, наша годнасьць. Менавіта дзякуючы гэтаму мы ўпэўнена ідзем на барацьбу за нашу сьвятую справу!”

Прэс-служба Усеўкраінскага аб'яднаньня “Свобода”

15 сьнежня 2013 г.

Пераклад з украінскай

Крыніца: http://www.svoboda.org.ua/diyalnist/komentari/045552/