ДЫКТАТУРА

Дыктатура — гэта абсалютная ўлада адной асобы альбо групы асобаў, якія абапіраюцца на права ўлады і самы гэтае права сцьвярджаюць і фармулююць у законах, дзеяньнях і распараджэньнях. Дыктатура — гэта ня выверт, ня збочанасьць палітыкі, а сістэма ўлады, легітымнай альбо нелегітымнай, якая мае выбраную апору ў грамадзтве і абслугоўвае сама сябе і пэўныя грамадзка-эканамічныя і палітычныя групы ўнутры краіны, альбо за яе межамі.

Дыктатура можа набываць санацыйныя функцыі. Яе зьяўленьне можа адбыцца ў любым месцы, дзе ёсьць крызіс улады, а грамадзтва перажывае эканамічныя цяжкасьці альбо заведзена ў тупік. Дыктатура тады выступае ў ролі выратавальніка народа і пэўны час можа такой нават здавацца (хоць і не абавязкова), бо дыктатура падтрымлівае сама сябе, і галоўны інстынкт дыктатуры — захаваньне сваёй ўлады.

Фармаваньне дыктатуры ў сучасным сьвеце адбываецца, як правіла, з выкарыстаньнем мэханізму дэмакратыі, дзеля легітымізацыі аднаасобнай (групавой) ўлады.

Дыктатура бывае партыйная, мафійная (карпаратыўная), нацыянальная і акупацыйная. Пры гэтым яна заўсёды аўтарытарная. Партыйная дыктатура — гэта тады, калі ўладу ў краіне захоплівае адна партыя, якая зьнішчае ўсе астатнія партыі, а ўладу ў гэтай партыі захоплівае група партыі, якая вылучае дыктатара. Гэта схема камуна-фашысцкіх дыктатур.

Мафійная дыктатура — гэта калі абсалютную ўладу захоплівае мафійная (карпаратыўная) група, якая вылучае дыктатара. Такая дыктатура небясьпечная для народа і дзяржавы, паколькі выкарыстоўвае іх як прыватную ўласнасьць.

Нацыянальная дыктатура — гэта калі дыктатар і палітычная сіла, якая за ім стаіць, імкнуцца дзейнічаць у інтарэсах нацыі. На пэўным этапе ўлада нацыянальнай дыктатуры можа супадаць з інтарэсамі дзяржавы і народа (абарончая вайна, навядзеньне парадку пасьля грамадзкага развалу, рэформы і інш.).

У далейшым такая сістэма становіцца тормазам нацыянальнага разьвіцьця, бо не заснавана на свабодзе і не стымулюе свабоднае выяўленьне вытворчых і асобасных магчымасьцяў людзей.

У сучасным сьвеце і мафійная, і нацыянальная дыктатуры найбольш верагодныя і даўгавечныя ў рэсурсных краінах (прыклады: Расея, краіны Сярэдняй Азіі і Лацінскай Амэрыкі). Тут яны зьяўляюцца па сутнасьці гібрыднымі (нацыянальна-мафійнымі) рэжымамі (альбо становяцца імі ў працэсе функцыянаваньня).

Найбольш небясьпечная для дзяржавы, нацыі і людзей — гэта акупацыйная дыктатура, калі ўладу захоплівае асоба ці група асобаў, залежныя ад іншай дзяржавы, пры падтрымцы і пад ціскам улады гэтай дзяржавы, якая (маніпулюючы дыктатарам і дыктуючы палітыку) здабывае такім чынам свае мэты і ўплывы ў краіне, ня ўводзячы войска.

Існаваньне такой дыктатуры абазначае доўгатэрміновую падрыхтоўку інкарпарацыі шляхам падрыву і вынішчэньня нацыянальнай культуры і самасьвядомасьці падуладнага народа.

Акупацыйная дыктатура стварае рэжым унутранай акупацыі і поўнасьцю альбо часткова праводзіць акупацыйную палітыку ў краіне.

У Беларусі

Характэрным прыкладам акупацыйнай дыктатуры зьяўляецца рэжым Лукашэнкі ў Рэспубліцы Беларусь. Акупацыйная ўнутранная палітыка тут праводзіцца найперш у сфэры свабодаў і правоў грамадзян і нацыянальных каштоўнасьцяў, якія мэтанакіравана і мэтадычна зьнішчаюцца. (Ліквідацыя беларускай школы, творчых саюзаў, беларускага друку, кнігавыданьня, беларускага радыё і тэлебачаньня, грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычных выбараў, пасьлядоўнае нішчэньне беларускай мовы і русіфікацыя, ліквідацыя нацыянальных сымвалаў дзяржавы, фальсіфікацыя нацыянальнай гісторыі, рэпрэсіі па рэлігійнай прыкмеце і г. д.)

Аднак па нашай класіфікацыі рэжым ў Беларусі ёсьць гібрыдам акупацыйнай і мафійнай дыктатур. Гэта найбольш злавесны вараянт, бо прыводзіць да духоўнага, культурнага і матэрыяльна-дэмаграфічнага выпусташэньня нацыі, фактычна, становіцца чыньнікам нацыянальнай пагібелі.

Акупацыйны рэжым выкарыстоўвае закон як сродак ўціску, рабаваньня і абмежаваньня, але не як сродак парадку і справядлівасьці і трактуе народ як акупаванае насельніцтва з правамі якога можна не лічыцца. Істотна таксама, што ў цяперашнім антыбеларускім рэжыме, практычна, адсутнічае вольная эканоміка, прыватная ўласнасьць, уласнасьць на зямлю і г. д. Дэмакратыя для людзей без уласнасьці — абстрактная катэгорыя.

Дэмакратычныя мэтады барацьбы за дэмакратыю ў акупацыйнай дыктатуры неэфэктыўныя і маюць мала сэнсу, таму што ўлада не выконвае свае законы, але выкарыстоўвае заканадаўства дзеля рэпрэсій. Пры акупацыйным рэжыме рэальных выбарчых дэмакратычных працэдураў няма (існуюць толькі імітацыі і прафанацыі працэдур). Таму акупацыйную дыктатуру можна абрынуць грамадзкай сілай (але не ўдзелам ў рэжымных сцэнарах, не гульнёй ў прафанацыі). Грамадзкая сіла першым чынам мусіла б імкнуцца ліквідаваць выбарчыя прафанацыі і рэпрэсіўнае заканадаўства.

Акупацыйная дыктатура ў Беларусі — зьява нетыповая для гэтай часткі сьвету, а для беларусаў амаль трагічная. Рэальным вынікам яе можа стаць ліквідацыя дзяржавы і хуткае зьнішчэньне беларускай нацыі.

Абсалютная канцэнтрацыя ўсёй ўлады ў руках адной асобы абцяжарана поўнай залежнасьцю яе ад Масквы і шчыльным кантролем Крамля над аўтарытарнай палітыкай рэжыму. Злавеснасьць гэтай схемы ў тым, што ўвесь сэнс існаваньня ў ёй дыктатара — гэта любым спосабам захаваць уладу. І Масква тое разумее. Дзеля захаваньня ўлады Лукашэнка пойдзе на ўсё, тым больш на нацыянальнае нішчэньне беларускага народа (што і адбываецца), які для яго чужы і не ўяўляе каштоўнасьці. Масква выкарыстоўвае становішча, каб ціснучы на Лукашэнку, і пагражаючы яму стратай ўлады, рабіць сваю акупацыйную палітыку ў Беларусі ягонымі рукамі.

У гэтай злавеснай схеме неверагодным здаецца, што адзін цёмны суб'ект можа нацыянальна зьнішчыць цэлы народ. Але гэта рэальнасьць, якая разгортваецца ва ўсіх на вачах.

Адначасна тут ёсьць і слабое зьвяно схемы. Яна развальваецца як толькі зьнікае аўтарытарны суб'ект улады. Магчымасьць прымяненьня дэмакратычных тэхналёгіяў для зьмены вярхоўнай улады ў Беларусі ліквідаваная. У такіх умовах, як выхад, можа ўзьнікнуць толькі радыкальнае рашэньне. Але легітымна і радыкальным чынам пазбавіцца ад дыктатара, улада якога пагражае нацыянальнаму існаваньню народа, можа толькі сам народ агульным рушэньнем і шляхам рэвалюцыі. Усе астатнія радыкальныя мэтады ёсьць крымінал, які можа толькі пагоршыць становішча.

Аднак які б не рабіць агляд магчымасьцяў выхаду народа з пасткі, у якую яго ўштурхнулі, рэальным застаецца статус-кво — штодзённае існаваньне антынацыянальнай акупацыйнай дыктатуры. У гэтым рэальным стане абавязкова павінна быць праца на будучыню — палітычныя, грамадзкія, асьветніцкія, прафэсійныя, культурніцкія, творчыя групы, асобы і арганізацыі, усьведамленыя адной Нацыянальнай (беларускай) ідэяй. Мусіць існаваць нават хоць малая грамадзянская супольнасьць і паралельны антыакупацыйны беларускі сьвет, дзе нацыянальнае асьветніцтва і ўжываньне нацыянальнай мовы ёсьць галоўнай прэрагатывай.

Гэта ўсё ёсьць найважнейшы чыньнік нацыянальнага існаваньня і нацыянальнай будучыні, бо пры дыктатуры (якая ёсьць закрытай сістэмай улады) не магчымыя дакладныя і адэкватныя прагнозы пераменаў. Яны, як правіла, адбываюцца непадрыхтавана, часам спантанна і нават нечакана. Грамадзтва мусіць быць заўсёды структурна гатовым да зьмен, да ўключэньня ў падзеі, каб адна дыктатура не зьмянілася на іншую, каб грамадзтва магло выйсьці на шлях волі.

* * *

Пасьпяховае змаганьне супраць дыктатуры павінна грунтавацца на моцнай ідэі. Сэнс ёсьць у барацьбе за нацыянальную свабоду і выратаваньне беларускай нацыі ад зьнішчэньня антынародным рэжымам. Тут — у нацыянальнай ідэі — ёсьць грунт для канцэнтрацыі сілы, плошча апоры і барацьбы.

9 ліпеня 2013 г.

Зянон Пазьняк