АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (05–10.12.2013)

Добра рабілі

5 сьнежня 2013 г. партугальская газэта “Jornal de Noticias” напісала пра чарговую “рэвэляцыю“ былога амэрыканскага супрацоўніка Эдварда Сноўдэна, які знаходзіцца цяпер у Маскве. Сноўдэн паказаў дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, што ЦРУ ЗША і швэдская спэцслужба FRA былі партнёрамі. Швэды дапамагалі сваім калегам сачыць за кіраўнікамі Расеі ў Сеціве і тэлекамунікацыях.

Наш камэнтар: А што рабіць цывілізаваным краінам? Не прыглядаць за гэтымі крамлёўска-лубянскімі гангстэрамі?

Юрка Марозаў


Камікадзэ па расейску

6 сьнежня 2013 г. славацкая газэта “SME” напісала з Расеі. Там завяршыла працу дзяржкамісія па рассьледваньню нядаўняй катастрофы пасажырскага самалёта ў Казані. Камісія заявіла, што пілот ня меў неабходнай кваліфікацыі кіраваньня такой машынай. Расейскія авіякампаніі, асабліва невялікія, бяруць на працу пілотаў, якія маюць фальшывыя пасьведчаньні прафэсійнай падрыхтоўкі. Штогод вучэбныя цэнтры ў Расеі выпускаюць 200 прафэсійных піотаў, а кампаніям патрэбна тысяча пілотаў штогод.

Наш камэнтар: Беларускія пілоты даўно ўжо расказалі суайчыньнікам, што вялікая частка расейскіх пілотаў проста купіла сябе пасьведчаньні. Іх да самалётаў блізка нельга падпускаць. Гніеньне імпэрыі працягваецца на ўсіх напрамках.

Алесь Хадасевіч


Масква падказала

7 сьнежня 2013 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” паведаміла, што ўначы на суботу сотні спэцназаўцаў атачылі і занялі кіеўскі тэлерадыёцэнтар. Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більдт назваў гэта “трывожнай інфармацыяй”. Прэзыдэнт Украіны Януковіч сустрэўся з Пуціным на расейскім беразе Чорнага мора. Потым прадстаўнікі Пуціна сказалі, што “ніякіх канчатковых дамоўленасьцяў не было заключана”.

Наш камэнтар: Заняцьце тэлерадыёцэнтра сьведчыць пра страх рэжыму перад мільёнамі ўкраінцаў. Зразумела, што ніхто заявам прадстаўнікоў Пуціна ва Ўкраіне не паверыў. Можна меркаваць, што Масква падказвала Януковічу, як душыць украінскі народ. Васал сустрэўся з султанам...

Юрка Марозаў


1,8 і 8,1

7 сьнежня 2013 г. летувіская газэта “Respublica” апублікавала артыкул пад тытулам “Мусульмане бяз зброі заваёўваюць Эўропу”. У Францыі мусульманская супольнасьць “расьце як на дражжах”. Калі французкія сем'і ў сярэднім маюць 1,8 дзіця, то мусульманскія — 8,1 дзяцей. Экспэрты лічаць, што калі сытуацыя ня зьменіцца, эўрапейскія народы з часам зробяцца мусульманскімі.

Наш камэнтар: Лібэралізм трыюмфуе...

Алесь Хадасевіч


“Врут-с”

9 сьнежня 2013 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра рэакцыю расейскіх СМІ на падзеі ва Ўкраіне. “Шалёныя ўкраінскія талібы сьпяшаюцца на вечны бой у Вальгалу — убівае ў галаву гледачам маскоўскае тэлебачаньне”. Польская газэта піша пра істэрычны тон і бясконцую хлусьню расейскіх журналістаў пра Ўкраіну.

Наш камэнтар: Беларусы заўважылі шмат падобнага ў паведамленьнях і манеры падачы паведамленьняў з Украіны ў шэрагу праграм і сюжэтаў таксама і “дэмСМІ” РБ, якія часам пераплюнулі сваіх маскоўскіх калег. Ганебна гэта ўсё!

Юрка Марозаў


Гаварылі аб “некаторых пытаньнях”

10 сьнежня 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра “круглы стол” Януковіча і трох папярэдніх прэзыдэнтаў Украіны, што адбыўся ў Кіеве. Сярод іншага Януковіч прызнаў, што “цяперашняя напружанасьць у краіне выклікана тым, што ўлады ня здолелі сваечасова растлумачыць грамадзтву “некаторыя пытаньні, зьвязаныя з дамовай”. Маецца на ўвазе дамова з Расеяй.

Наш камэнтар: Мы ўпэўнены, што дзесяткі мільёнаў украінцаў добра разабраліся ў “некаторых пытаньнях” і не далі сябе падмануць вяртаньнем у маскоўскае пекла.

Юрка Марозаў