ПАДТРЫМЛІВАЕМ ВОЛЬНУЮ ЎКРАІНУ
(Заява)
Падтрымліваем народ Украіны ў імкненьні пазбавіцца ад расейскага наступу, ад расейскай палітыкі шантажу і правакацыяў, якая рабілася з мэтай зацугляць Украіну і прывязаць яе да хворай расейскай імпэрыі.
Прэзыдэнт Януковіч гуляўся з Эўразьвязам, каб больш атрымаць ад Расеі, і думаў, што народ не зразумее, што ён вядзе яго зноў у маскоўскую залежнасьць, атрымаўшы гарантыі Крамля. Але не атрымалася. Украінцы разабраліся.
Тое, што адбываецца цяпер з украінцамі — гэта рух за вольную Ўкраіну, незалежную ад Масквы. Дзеля таго, каб Україна сапраўды была вольнай, трэба пазбавіцца ад прамаскоўскай улады Януковіча і яго ўраду, “абнуліць” усю верхавіну ўлады і правесьці новыя выбары. Гэтага патрабуюць цяпер украінцы, і гэта ёсьць галоўнае ва ўкраінскім змаганьні.
Патрабаваньне аб далучэньні да супрацоўніцтва з Эўразьвязам — гэта ёсьць мэтад пазбавіцца ад прэтэнзій Масквы і повад для барацьбы за новую ўкраінскую ўладу ў вольнай Украіне.
Усё хутчэй набліжаецца час, калі саўковыя ўлады на Ўкраіне і ў Беларусі зыдуць у нябыт. І тады вольная Ўкраіна і вольная Беларусь адбудуюць вольную Ўсходнюю Эўропу. Вечнай агрэсіі з Усходу настане канец.
Слава Ўкраіне!
Слава героям!
Жыве Беларусь!
Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
8 сьнежня 2013 г.
г. Менск