АНТЫБЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ ЛІХАМАНКАВА СЬПЯШАЕ ЎСЁ ЗЬНІШЧЫЦЬ

(Сьнежаньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

8 сьнежня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Вольная Бацькаўшчына наперадзе”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Выступоўцы адзначылі, што беларускае грамадзтва пільна сочыць за падзеямі ва Ўкраіне. Беларусы адэкватна разумеюць, што ўкраінцы ня хочуць вяртацца ў расейскую варварскую імпэрыю і бачаць сваю будучыню ў сям'і эўрапейскіх дэмакратычных народаў. Беларусы бачаць у падзеях прыклад змаганьня за сваё, за роднае, за сваю Айчыну. Не выпадкова, што назіраецца мабілізацыя мясцовай агентуры, якая пачала гукаць у людных месцах: “Им там на Майдане деньги платят долларами! Там все продались!” Але беларусы не паддаюцца ўжо на гэты лубянскі прымітыў, яны разумеюць, што адбываецца. Гэта і апошнія “новаўвядзеньні” у электаральны закон РБ сьведчаць аб тым, што антыбеларускі рэжым шалёна баіцца народнай ініцыятывы. У запалоханага рэжыму няма будучыні. Нам усім трэба зразумець, што магутны народны ўздым у суседняй краіне ёсьць вынікам нармальнага разьвіцьця ўкраінскай мовы і культуры. Сфармавалася ўжо цэлае пакаленьне, якое не ўяўляе сабе жыцьця ў паняволенай Масквой Украіне, у акупанцкай русіфікацыі. Украінцы масава супрацьпаставіліся гэтаму кашмару. Мова, культура, незалежная дзяржава — гэта ёсьць і наш беларускі шлях да вызваленьня і нармальнага існаваньня.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра татальную русіфікацыю штодзённага жыцьця. Паштовая служба РБ атрымала загад ад рэжыму правяраць усе карэспандэнцыі, якія падпісаны на дзяржаўнай беларускай мове. Служба ўскрывае капэрты і бандэролі, шукае “крамолу”. Такога не было нават у самыя змрочныя савецкія часы. У навучальных і дашкольных установах, дзе нават афіцыйна пазначана, што мовай навучаньня зьяўляецца беларуская, адбываецца ліквідацыя апошніх курсаў на роднай мове і татальная русіфікацыя. Рэжым сьпяшаецца, дзейнічае ліхаманкава і істэрычна. Людзей у рэгіёнах вельмі ўразіла, што супраць беларускай мовы раптам выступілі такія СМІ, як Радыё Свабода і яе журналісты. Людзі кажуць, што цяжкія часы дазваляюць нам насамрэч разабрацца, хто на што здольны. Беларусы выказваюць думку, што асобы, якія зганьбіліся беларусафобствам, павінны быць выдалены з беларускага культурнага жыцьця.

Сойм абмеркаваў і прыняў заяву “Падтрымліваем вольную Ўкраіну”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

8 сьнежня 2013 г.