АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (22.11–03.12.2013)
Было лепш
22 лістапада 2013 г. дацкая газэта “Berlingske” апублікавала рэцэнзію на дакумэнтальны фільм ангельскага рэжысёра Кэна Лока “Дух 45-га”. У стужцы дэманструюцца архіўныя кадры, а таксама расповеды людзей, якія ўспамінаюць пасьляваеннае жыцьцё. Усе кажуць, што пасьля вайны людзі падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі ў бядзе і праблемах, быў іншы дух часу.
Наш камэнтар: Беларусы таксама ўспамінаюць (хто з уласных уражаньняў, хто з расповедаў старэйшых), што пасьля вайны людзі былі значна больш салідарнымі і чулымі да чужой бяды. Потым накаціў час адкрытага індывідуалізма, пыхі, самазадаволенасьці і абыякавасьці. Што здарылася з эўрапейскімі грамадзтвамі ў 1960-я гады?
Алесь Хадасевіч
Жудасны вынік
26 лістапада швэдская газэта “Svenska Dagbladet” напісала пра вынікі сацыялагічнага дасьледваньня ў Вялікай Брытаніі. Вынікі паказалі, што за апошнія 20 гадоў колькасьць брытанскіх жанчын, якія маюць лесбійскія сэксуальныя кантакты, падвоілася.
Наш камэнтар: Зразумела, што гэта адбылося не само сабой. Гэта ёсьць жудасны вынік расперазанага лібэралізма, які апанаваў Эўропу. Людзі чамусьці не пытаюцца, а якая будучыня ў такой нацыі?
Алесь Хадасевіч
Іх тое нічаму не навучыла
29 лістапада 2013 г. швайцарская газэта “Tribune de Geneve” паведаміла, што французкі суддзя Марк Трэдзівік атрымаў з Алжыра дазвол на правядзеньне мэдычна-крымінальнай экспэртызы галоў 20 каталіцкіх манахаў. У 1996 г. манахаў захапілі ў кляштары на поўдні Алжыра і адсеклі ім галовы баевікі-ісламісты.
Наш камэнтар: Пакутніцкая сьмерць хрысьціянскіх манахаў нічаму не навучыла Эўропу. Вось што адбываецца з хрысьціянамі на мусульманскім Усходзе. У той самы час брамы Эўропы адкрытыя для ўсходніх экзотаў, якія ненавідзяць усё хрысьціянскае і эўрапейскае. Абсурд.
Юрка Марозаў
Эўтаназія непаўнагадовых
29 лістапада 2013 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведаміла, што Сэнат Бэльгіі прыняў на разгляд праект закона аб эўтаназіі непаўнагадовых асобаў. Дзеля акту эўтаназіі спатрэбіцца цяпер рашэньне мэдкансіліюма і згода бацькоў. Супраць прыняцьця закона з усіх партый выступаюць толькі фламандскія і валонскія цэнтрысты-дэмахрысьціяне.
Наш камэнтар: Лібэралізм трыюмфуе. Зразумела таксама, хто супраць гэтага закона.
Алесь Хадасевіч
Швайцарцаў дураць штучкамі
29 лістапада 2013 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала з Масквы. На Чырвонай плошчы пабудавалі былі нядаўна рэкламны павільён на грошы французкага канцэрна “Люі Вьютон”. Павільён мае выгляд чамадана прадукцыі гэтага канцэрна і ўражальныя памеры: 30 м даўжынёй і 9 м вышынёй. Ніхто з маскоўскіх уладаў не прызнаецца, што даў згоду на пабудову гэтага аб'екта на гістарычнай плошчы. Грамадзкасьць пратэстуе, патрабуе ліквідаваць недарэчнасьць.
Наш камэнтар: Заходнікам можна загружаць гэтыя інфармацыйныя “качкі” з Масквы бясконца. Постсавецкія людзі, аднак, добра ведаюць, што на Чырвонай плошчы без дазволаў нічога не будуецца, нават шпакоўню не дадуць павесіць. А тут, аказваецца, сам Пуцін ня ведаў. Затое як інтэлігентна выглядае маскоўска эстэт-публіка — яна супраць заходняга кічу на “плошчаді русской славы”!
Швайцарцаў можна дурыць гэтымі штучкамі, а вось беларусаў ня трэба.
Алесь Хадасевіч
Хабарнікі не галасуюць
3 сьнежня 2013 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла з Кіева, што ў выніку галасаваньня ў Вярхоўнай Радзе ўрад Азарава не пайшоў у адстаўку. Для такога рашэньня патрэбныя былі 226 галасоў, а вотум недаверу ўраду падтрымалі толькі 186 дэпутатаў. Газэта паведамляе пра дэманстрацыю ў нядзелю 350 тысячаў чалавек на плошчы Незалежнасьці.
Наш камэнтар: Вынікі галасаваньня можна зразумець. Частка дэпутатаў не галасавала. Зразумела таксама, што атрымаўшы шалёны хабар з Масквы (пра гэта вядома), гэтыя людзі ня могуць прымаць самастойныя рашэньні. Цікава таксама, што салідная нідэрляндская газэта карыстаецца маскоўскай статыстыкай кіеўскіх падзей. Вядома, што ў нядзелю на Майдане і вакол сабралося да мільёна ўкраінцаў.
Юрка Марозаў