КАМЭНТАТАРЫ

Вачам і вушам сваім не паверыце — Радыё Свабода за Майдан, за рэвалюцыю! Што праўда, толькі ва Ўкраіне. Пасьля пачатку народнага пратэсту ў Кіеве “Свабода” некалькі дзён спрабавала абмежаваць інфармацыю, зьмяншаючы маштабы падзей і стылістычна прыгладжваючы іх. Найбольш поўную і адэкватную інфармацыю нам даводзілася шукаць у іншых рэдакцыях РС, ва ўкраінскай і нават расейскай.

І вось..., прарвала. Тут табе і фота, і відэа, і стотысячныя парадкі лічбаў удзельнікаў названыя. Што называецца і тыдня ад пачатку народных выступаў не прамінула: фантастычная апэратыўнасьць! Ну й дзякуй Богу.

Але яркія паведамленьні з Украіны абвалялі ў шэрай ваце мясцовага матэр'ялу. Першым падаў камэнтатарскі голас па ўкраінскай рэвалюцыі Слава Сіўчык. Ён ня так даўно быў пераведзены з Украіны ў Польшчу прадстаўляць фэномэн “белдэмакратыі”, але па старой памяці выказаўся і патлумачыў, што адбываецца на былым месцы ягонай дэмдзейнасьці. “Вельмі цікава” было паслухаць гэтага даўно раскрытага правакатара.

Далей болей. Адстаўны рэвалюцыянэр В. Вячорка выказаўся пра “Майдан, які прысароміў палітыкаў, што заклікалі супрацоўнічаць з дыктатарамі”. І тут цікава было паслухаць, таму што сп. Вячорка сапраўдны спэц у гэтым пытаньні. У 1998 г., яшчэ ў часы да расколу Народнага Фронта патрыёты-фронтаўцы злавілі Вячорку і праф. Хадыку на тым, што тыя супрацоўнічалі з лукашыстоўскім рэжымам. Ды ня проста недзе ў сутарэньнях, а ў вядомым сталічным піўным рэстаране “Ракаўскі бровар”, дзе на працягу цэлага года (!) яны і іншыя “оппозіціонеры” рэгулярна штотыдзень зьбіраліся і пра нешта гутарылі-дамаўляліся з высокімі прадстаўнікамі рэжыма. Зразумела, што ніякіх паўнамоцтваў БНФ на такія піўныя пасядзелкі гэтым двум не даваў. Калі ўсё раскрылася, сп. Вячорка разрываўся ад “свяшчэнного гнева”. А вось цяпер ён ацэнкі раздае.

Паслаў свой “пламенный революціонный прівет Майдану” і “чалавек у галіхвэ”. Публіка на гэты конт ужо прыдумала каламбур: “Янукевіч выказаўся пра Януковіча”. І гэтага кадра расшукалі свабодаўцы для камэнтара.

Гучным акордам прагучаў голас незабыўнага А. Лебедько (ён жа Лябедзька). Яны там у сваёй АГП патэлефанавалі ў Кіеў і сказалі сп. Клічку і іншым, як трэба трымацца на барыкадах. Казалі “за ўсю дэмакратычную Беларусь”! Згадвалі пра “эўравыбар” і ўсё такое. Няхай бы сп. Лябедзька распавёў украінцам, як ён бегаў у сьвіце за Лукашэнкам, як галасаваў і падпісваўся ў Вярхоўным Савеце РБ за “інтэграцыю з Расеяй” і г.д.

Рэдакцыя ўсё ж паслала ў бок Украіны свайго прадстаўніка С. Квяткоўскага. Доўга ён, аднак, ня ехаў. Праз гадзіну выйшаў з электравіка ў Пухавічах і пачаў прыставаць да мясцовых людзей пад дэвізам “Чаго баяцца беларусы?” Ды ўсё намякаў, якая страшная ў Пухавічах стаіць унутраная частка. Аказалася, што нашы баяцца і таго, і сяго. А вось украінцы нічога не баяцца, ад іх нават касталомы зь “Беркута” ўчора ўвечары панічна ўцяклі...

Можна не сумнявацца, нам яшчэ падсунуць пад нос шмат такога падобнага ў рэчышчы “здушэньня волі да супраціву”. Фальшывых і падстаўных камэнтатараў ёсьць цэлы загашнік. Усё большай колькасьці людзей, здольных на думаньне, становіцца зразумелым, што белрэдакцыя РС знаходзіцца ў цяжкім стане.

Сяргей Камароўскі