“АРСЕНІ ЯЦЭНЮК: УКРАІНА — ГЭТА НЕ БЕЛАРУСЬ”
28 лістапада польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала інтэрв'ю пад такім тытулам. Вось фрагмэнт гэтага інтэрв'ю:
Прэзыдэнт зьмяніў накірунак палітыкі, ашукаў украінскі народ, Захад, а цяпер хоча прадаць дзяржаву, каб пакінуць за сабой пасаду прэзыдэнта ў 2015 годзе. — кажа лідэр закладзенай Юліяй Цімашэнкай цэнтрысцка-правай апазыцыйнай партыі “Бацькаўшчына” у размове з Енджэем Белецкім.
Енджэй Белецкі: Які план мае Ўладзімір Пуцін наконт Украіны?
Арсені Яцэнюк: Купіць маю краіну. Пуцін лічыць, што для гэтага трэба адносна няшмат: 20 млрд даляраў да 2015 года. Потым прэзыдэнцкія выбары будуць сфальшаваныя.
Е. Б.: Дык атрымліваецца беларускі варыянт?
А. Я.: Так, толькі ён ня пройдзе. Мы будзем біцца. Калі выбары будуць сфальшаваныя, мільёны людзей выйдуць на вуліцы. Україна — не Беларусь, Кіеў — ня Менск. Мы проста іншыя. Ужо на мінулым тыдні ў нас было на вуліцах больш за 100 тысячаў чалавек — гэтага ніхто не чакаў. Прэзыдэнт зьмяніў накірунак палітыкі, ашукаў украінскі народ, Захад, а цяпер хоча прадаць дзяржаву, каб пакінуць за сабой пасаду прэзыдэнта ў 2015 годзе. У дэмакратычнай краіне такі прэзыдэнт павінен быць адсунуты ад улады. Пра гэта, зрэшты, мы ўжо заявілі ў парляманце. (...)
Пераклаў з польскай В. Буйвал.
Далей чытаць гэты тэкст нецікава, нічога новага ў ім не прагучала. Мы зьвярнулі ўвагу на гэты фрагмэнт, дзе Ўкраіна параўноўваецца з нашай Беларусьсю (у адмоўным для нашай краіны сэнсе). Параўноўваць можна: напрыклад, Украіну з ЗША або з Польшчай. І зьдзіўляцца няроўнаму параўнаньню. Толькі мы раілі б палітыкам з суседняй дзяржавы так лёгка не раскідвацца параўнаньнямі, як у рэтраспэктыве, так і ў пэрспэктыве.
Што тычыцца недалёкай мінуўшчыны (мы абмяжуемся ёю), то можна ўспомніць 1980-я гады. Ужо праз кароткі час пасьля ўтварэньня народных франтоў у прыбалтыйскіх рэспубліках, у кастрычніку 1988 года беларускія патрыёты заснавалі Беларускі Народны Фронт і распачалі змаганьне за вызваленьне Бацькаўшчыны ад бальшавіцка-маскоўскай акупацыі. У той час ва Ўкраіне было яшчэ зусім ціха. Ціха было прыкладна год, аж пакуль там паўстаў Народны Рух, калі фронтаўская хваля ўрэшце дакацілася да Кіева. У Беларусі фронтаўцы ўжо на поўніцу разгортвалі дэманстрацыі і грамадзка-навуковыя канфэрэнцыі па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, а ва Ўкраіне было ціха. І толькі пазьней, у 1990 годзе там пачаліся акцыі з патрабаваньнем адкрыць праўду аб катастрофе і аказаць дапамогу пацярпеламу насельніцтву. Гэтыя акцыі пачалі людзі, якія пабылі ў нас і павучыліся ў фронтаўцаў, як трэба распачынаць змаганьне. Так што пасыл наконт “Україна — не Беларусь” дзейнічаў і тады, толькі з іншай ацэначнай катэгорыяй...
Трэба нагадаць суседзям яшчэ што-нішто. Мы (разам з усім прагрэсіўным сьветам) радваліся перамозе Аранжавай рэвалюцыі 2006 года, зайздросьцілі тэмпэрамэнту ўкраінцаў. Але аказалася, што аднаго тэмпэрамэнту ў палітыцы недастаткова. Разам з усім сьветам мы былі шакаваны, калі аранжавыя пераможцы прызначылі на пасаду прэм'ер-міністра В. Януковіча, пераможанага і зьнятага з гарачай патэльні. А потым зьдзіўляліся яго перамозе на наступных выбарах. Мы не кпілі, хаця разумелі, што патрыятычны ўрад у Беларусі не дапусьціў бы такога фіаска.
Цяпер дазволім сабе пару словаў пра блізкую будучыню. Сп. Яцэнюк кажа пра наступныя выбары, якія адбудуцца ажно ў 2015 годзе. Ён зьбіраецца перамагчы на іх В. Януковіча (і адначасова прызнае, што той прадаў краіну ўжо цяпер). Цікава, а дзесяткі тысячаў украінцаў, якія дэманструюць цяпер круглымі суткамі ў цяжкіх кліматычных умовах, ведаюць пра гэта? Ці ведаюць яны, што стаяць на майданах ім трэба да 2015 года? А можа (паводле сп. Яцэнюка) ім лепш разысьціся па хатах да выбараў? І тады, у 2015 годзе пайсьці на выбары, пераканацца, што яны сфальшаваныя, і зноў выйсьці на вуліцы?
І вось тут мы раілі б украінскім палітыкам не захапляцца зьнешне эфэктнымі параўнаньнямі з адной суседняй краінай, а з удзячнасьцю пакарыстацца досьведам, заваяваным беларускім народам. Сапраўдныя беларускія патрыёты казалі праўду пра прамаскоўскі рэжым і яго фальшывыя выбары, яны заклікалі народ да Народнага Байкоту электаральнага фарсу ў 2010 годзе. Але псэўдаапазыцыйныя прайдзісьветы (яны вельмі любілі гастраляваць і прадстаўляць “беларускую дэмакратыю” таксама і ва Ўкраіне) зашумелі, што трэба “пайсьці на выбары і сказаць ему своё НЕТ”. Многія людзі схадзілі і сказалі... Потым 19 сьнежня яны выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваё расчараваньне вынікам фарсу. Тыя самыя прайдзісьветы павялі іх за сабой на ЦВК, дзе рэжымам былі падрыхтаваныя пастка і Крывавая нядзеля. Калі сп. Яцэнюк ня верыць нам, як яно было, то няхай спытаецца ў згаданых прайдзісьветаў. Іх некалькі прыехала на віленскі саміт з тым жа самым заданьнем: прадстаўляць “белдэмакратыю”.
Мы раілі б украінскім палітыкам памятаць, што Беларусь — гэта ня толькі тав. Макей і падстаўная менская публіка, што актыўна тусуецца на сваім “кірмашы” каля віленскага саміту.
Сяргей Камароўскі