ПРАДУКТЫ ПА КАРТКАХ У РАСЕІ

26 кастрычніка на расейскамоўным тэлеканале “Мир” паказалі праграму пад тытулам “Ці вернуць у Расеі прадуктовыя карткі?” Вось фрагмэнты зь яе:

У 2015 г. у некалькіх рэгіёнах Расеі ў пілотным рэжыме, а затым, магчыма, па ўсёй краіне зноў увядуць прадуктовыя карткі. Інфармацыя прагучала з вуснаў міністра сельскай гаспадаркі РФ Мікалая Фёдарава. (...)

Ні ў каго карткі не выклікаюць захапленьня — ні ў шэраговых грамадзянаў, ні ва ўладу трымаючых. Чаму ж начальнік Мінсельгаса загаварыў пра перажыткі мінуўшчыны? Спасылкі на падзеньне ўраджаю наўрад ці можна лічыць сур'ёзнай аргумэнтацыяй. У нас зазвычай селяніну заміналі чатыры прычыны: зіма, вясна, лета і восень.

У зону рызыкоўнага земляробства, па-мойму, ужо і цэнтральныя чарназёмы запісалі. Кліматам заўсёды тлумачаць чарговую паразу ў бітве за ўраджай і наступны рост цэнаў на прадукты. Экспэрты й зараз прагназуюць падаражаньне ежы, але не занадта высокае. (...)

Хто будзе фінансаваць праграму “сацыяльнага харчаваньня”? Фэдэральны бюджэт? Рытэйл? Але калі забесьпячэньне картак павесяць на гандляроў, яны ўзьвінцяць цэны на ўсё астатняе харчаваньне. Усё гэта пакуль здагадкі — аб мэханіцы сістэмы “сацыяльнага харчаваньня” міністар нічога не паведаміў. Як кажуць, пракукарэкаў, а там хоць не сьвітай? (Канец цытаваньня).

Крыніца: http://www.dal.by/news/109/21-10-13-3/

Не Жырыноўскі або Лімонаў, не палітычныя паяцы, а сам міністар сельскай гаспадаркі Расеі паведаміў Urbi et Orbi, што праз прыкладна год на прасторах Расеі будуць уводзіць карткавую сістэму на прадукты харчаваньня. У багацейшай ўсімі рэсурсамі імпэрыі будуць, фактычна, пераходзіць на рэжым абложнага становішча ў важнейшай сацыяльнай сфэры. Журналісты не пытаюцца ў міністраў, але мы можам спытацца: чаму ў Масквы ёсьць каласальныя сродкі на ваеннае ўзбраеньне і на праграму “Русский мир”, у рамках якой утрымліваюцца на плаву масавыя расейскамоўныя дыяспары ва ўсім сьвеце, агентура, носьбіты моўнага і квазікультурнага ўплыву на іншыя краіны? А на элемэнтарнае харчаваньне для мільёнаў сваіх грамадзянаў унутры краіны раптам не хапае сродкаў і ежы?

Нам гэта цікава яшчэ й таму, што ў бліжэйшай пэрспэктыве мясцовы васальны прамаскоўскі рэжым па-малпачаму будзе рабіць тое ж самае. Так што маладое пакаленьне, якое ня памятае саўдэпіі, вайны, галадухі, дэфіцытаў, цалкам верагодна можа пазнаёміцца з гэтымі неад'емнымі зьявамі існаваньня “Русского міра” у шырокім сэнсе ў даволі блізкім часе.

Доўга тэарэтызаваць ня мае сэнсу. Проста ад расейскага кашмара трэба ратавацца як мага хутчэй і грунтоўней. Да таго практыка паказвае, што ўжо цяпер (дый раней, дый увесь час) Масква вывозіць эшалёнамі самую якасную і экалагічна чыстую харчовую прадукцыю зь Беларусі. Што ж будзе, калі ў Расеі стануць галадаць і непакоіцца дзесяткі мільёнаў “дорогіх россіян”? Тады ў нас адбяруць усё і нават “спасібо” ня скажуць.

Адзіным спосабам паратунку ад кашмараў “Русского міра” можа быць палітычны спосаб — усталяваньне ў краіне патрыятычнай беларускай улады. Шляхам да гэтай перамогі павінна быць Беларуская Салідарнасьць у вернасьці сваёй мове, культуры і прыналежнасьці да эўрапейскай цывілізацыі.

Павел Гулевіч