“ПРЭМ'ЕР ЛАТВІІ ПАДАЕ Ў АДСТАЎКУ”
27 лістапада польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
У сувязі з трагедыяй у Рызе, дзе колькі дзён таму ў выніку абвалу гандлёвага цэнтра загінулі 54 асобы, латвійскі прэм'ер Валдзіс Дамброўскіс падаў у адстаўку — паінфармавала балтыйская інфармацыйная агенцыя DELFI.
Сёньня прэм'ер Латвіі Валдзіс Дамброўскіс заявіў пра сваю адстаўку. — Дзяржаве патрэбны новы ўрад, які дасьць рады з гэтай сітуацыяй. — заявіў Дамброўскіс. Рашэньне было прынята адразу пасьля сустрэчы прэм'ера з прэзыдэнтам Андрысам Бэрзыньшам, якое працягвалася больш за паўтары гадзіны. Латвійская прэса паведамляе, што прэзыдэнт Бэрзыньш нібыта даручыў прэм'еру ўзяць палітычную адказнасьць за трагедыю ў гандлёвым цэнтры, які тыдзень таму абваліўся ў Рызе.
— Я заклікаю ўсіх, хто думае пра будучыню, даць ацэнку сваёй адказнасьці за трагедыю ў Рызе і зрабіць адпаведныя крокі. — казаў прэзыдэнт Латвіі Андрыс Бэрзыньш.
21 лістапада ў латвійскай сталіцы абваліўся дах аднаго з найвялікшых супэрмаркэтаў у гэтай краіне, будоўлю якога скончылі ў 2011 годзе. Адразу пасьля прыбыцьця пажарных адбыўся яшчэ адзін абвал, які значна абцяжарыў акцыю выратаваньня. Пад руінамі будынка знайшлі больш за 50 целаў ахвяраў трагедыі, каля сарака асобаў былі паранены.
Пакуль невядомая канчатковая прычына абвалу гандлёвага цэнтра. Да гэтага магла спрычыніцца фірма, якая пабудавала на даху гэтага будынка парк з забаўляльнай пляцоўкай, складуючы там вялікую колькасьць пяску і каменьняў. На думку латвійскіх экспэртаў, гэта магло стацца адной з галоўных прычын вялікай трагедыі.
— Латвія ўтварыла адмысловую камісію экспэртаў (таксама й з замяжы), якія дакладна дасьледуюць прычыны трагедыі. — сказаў “Rz” амбасадар Латвіі ў Польшчы Ілгварс Клява. На думку амбасадара, зьмена ва ўрадзе не паўплывае на палітычную сітуацыю ў краіне. — Адстаўка палітыкаў — рэч натуральная ў дэмакратычнай дзяржаве. — дадаў ён.
Руслан Шошын
Пераклаў з польскай В. Буйвал
У тым і справа, што трагедыя адбылася ў дэмакратычнай краіне. За вялікую трагедыю ў такіх краінах нясе адказнасьць прэм'ер, які падае ў адстаўку. Можна не сумнявацца, што ў Латвіі знойдуць усіх вінаватых у няшчасьці, і гэтыя службовыя асобы будуць адказваць перад Законам.
У акупаванай Беларусі — усё наадварот. Дастаткова ўспомніць трагедыю на Нямізе (1999 г.), калі падчас “праздніка піва” загінулі і былі паранены больш за сто чалавек. І што? А нічога, усе чыны, адказныя за “празднік” і за бясьпеку былі павышаны ў званьнях і пасадах. Вось як.
Янка Базыль