“РЫГА ЎШАНАВАЛА РАТАВАЛЬНІКАЎ, ШТО ЗАГІНУЛІ ПРЫ АБВАЛЕ “MAXIMA”

27 лістапада летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось фрагмэнт гэтага артыкула:

У сераду раніцай вялікая грамада людзей разьвіталася ў рыжскай катэдры з работнікамі Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы Вілнсам Штэйнічсам, Эдгарам Рэйнфэльдсам і Сяргеем Іжыкам, якія загінулі падчас выратавальных прац ў разбураным гандлёвым цэнтры “Maxima” у Рызе, у раёне Зуалытудэ. Апоўдні ў Рызе прагучалі сірэны, калі труны з трыма героямі выносілі з катэдры. Сёньня ў Рызе рыхтуецца пратэстная акцыя супраць “Maxima”: на колькі хвілін спыняцца аўтамабілі, будуць заблакаваныя дарогі.

Разьвіталіся сотні людзей

Ля ўвахода ў катэдру расьцягнуўся на кілёмэтр шэраг людзей у смутку. Людзі ўшанавалі сем'і выратавальнікаў, якія ахвяраваліся жыцьцём. Яны несьлі кветкі, сьвечкі і пахавальныя вянкі. (...)

Артурас Янчыс

Пераклаў з летувіскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.lrytas.lt/pasaulis/tragedija-rygoje/ryga-pagerbe-per-maxima-griuti-zuvusius-gelbetojus.htm

Гэта ёсьць карціна з жыцьця цывілізаванага эўрапейскага народа. Афіцэры дзяржаўнай службы ў мундзірах нясуць нацыянальна-дзяржаўныя сьцягі і крыжы. Загінуўшых герояў грамадзтва ўшаноўвае ў гістарычным саборы. Сьвятары зьвяртаюцца да людзей на роднай мове народа, які ёсьць гаспадаром у сваёй краіне. Сьвятары ідуць разам з афіцэрамі ў працэсіі... Латышы і не зразумелі б, чаму мы так выразна падрэсьліваем гэтыя рысы грамадзкіх мерапрыемстваў у іхнай сталіцы. Для іх інакш не магло б і быць.

У Беларусі ўсё інакш. Калі колькі гадоў таму ў Афрыцы загінулі беларускія лётчыкі грамадзянскай авіяцыі, дзяржадміністрацыя РБ у дзень пахаваньня ахвяраў наладзіла танцы і забавы ў будынку старога аэрапорта ў цэнтры Менску. Трагедыю пастараліся затушаваць, каб пра яе як мага хутчэй забыліся. Што да афіцэраў дзяржаўнай службы, то ў Беларусі мы бачылі, як у 2001 г. яны нішчылі крыжы ў Курапатах на магілах пакутнікаў, як катавалі і арыштоўвалі абаронцаў сьвятыні. Што да “нашей православной організаціі” (РПЦ), то вядома, на якой мове яна зьвяртаецца да нашага народа ў сьвяточныя і драматычныя дні. І г.д.

Чаму так? А таму што Латвія — незалежная краіна, а Беларусь — акупаваная краіна.

Ян Булыга