“УПОЛНОМОЧЕН ЗАЯВИТЬ...”

26 лістапада Радыё свабода зьвярнулася па камэнтар да “зоркі першай вялечыні” — “беларускага палітолага” Уладзімера Мацкевіча. Спыталіся пра Ўкраіну, Майдан і Эўразьвяз. “Палітолаг” зрабіў філасофскі выгляд і выдаў, цытуем:

“Адбылося гэта вельмі раптоўна. Такія працэсы рыхтуюцца доўга, і заўсёды, калі вось такія раптоўныя змены адбываюцца, гэта сьведчыць пра тое, што былі ня ўлічаныя нейкія важныя фактары, які на гэта паўплывалі. Ну і зразумела, што ў гэтыя пару дзён, што засталіся да саміту, нічога паправіць немагчыма. Таму Ўкраіна ня будзе асацыяваная з Эўразьвязам вось на гэты раз. Іншая справа, што трэнд украінскі да Эўропы, хутчэй за ўсё, застанецца нават пры кіраўніцтве Януковіча. Ну і, можна спадзявацца, што зь перамогай, напрыклад, на наступных выбарах (прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх) праэўрапейскіх сілаў — шлях Украіны да Эўропы працягнецца”.

Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/25180878.html

Тут тыповы боб з гарохам. Раптоўна? Праўда, раптоўна. Можна спытацца — якія “такія працэсы рыхтуюцца доўга”, якія “нейкія важныя фактары ня ўлічаныя”? Гэта ён пра каго: пра Януковіча, Маскву або пра ўкраінскі народ?

Але галоўнае, яно будзе далей — “зразумела, што ў гэтыя пару дзён, што засталіся да саміту, нічога паправіць немагчыма”.

Дык сп. Мацкевіч можа не зразумеў, чаго хочуць на Майдане ўкраінскія патрыёты? Мы зразумелі, што яны хочуць не на віленскі саміт. Іхнае жаданьне — ліквідацыя маскоўскай залежнасьці Радзімы раз і на заўсёды і цяпер, а не наступных выбарах. Яны хочуць жыць без прамаскоўскай групоўкі Януковіча. Украінцы не зьбіраюцца чакаць наступных выбараў і наступных самітаў. Пад такое вось “наступнае” ніводзін народ не зьбірае за некалькі дзён сто тысячаў чалавек у цэнтры сталіцы і яшчэ тысячы і тысячы ў іншых гарадах.

“Палітолаг”, якога чамусьці называюць беларускім, распавядае не пра драматычныя падзеі ў суседняй краіне, не пра магутны і нечаканы ім нацыянальны ўздым, а робіць нешта іншае — выступае ў амплуа ціхай балалайкі, звон якой павінен закалыхаць і залюляць беларускага чытача-слухача Радыё Свабоды. А тут яшчэ такая “філасофмкая” поза — ну як жа не паслухаць палітолага.

Дарэчы будзе ўспомніць, што “палітолага” Мацкевіча выпісалі з Расеі ў Беларусь недзе на пачатку 1990-х гадоў. Тады, калі наша краіна ўжо разьвівалася як сувэрэнная.

У бліжэйшы час мы ўбачым і пачуем яшчэ розных тэарэтыкаў на тэму падзеяў ва Ўкраіне. Яны будуць моцна высільвацца, каб нагаварыць міфаў, скіраваць беларускую думку ў інтэлектуальны тупік. Мы ведаем, хто зацікаўлены, каб — не дапусьціць паўтарэньня падобнага ў нашай краіне.

Павел Гулевіч