НАДЗЬМУТАЯ КАЛІЗІЯ
Падчас падрыхтоўкі дэсанту ў Нармандыі (які быў урэшце зьдзейсьнены 6 чэрвеня 1944 г.) амэрыканцы і брытанцы разгарнулі беспрэцэдэнтную па маштабах deception operation — падманную апэрацыю. Галоўнай яе мэтай была дэзарыентацыя і падман немцаў, каб яны падумалі, што высадка дэсанту адбудзецца не ў больш аддаленай ад ангельскага берага Нармандыі, а ў французкай правінцыі Брэтані, ад якой да Англіі рукой падаць. Антыгітлерскія хаўрусьнікі пайшлі на вялікія выдаткі, каб стварыць маштабную ілюзію. Калі ў разведвальныя палёты над Нармандыяй яны пасылалі адзін самалёт, то ў палёт над Брэтаньню тры самалёты. Была разгорнута гульня ў эфіры, каб нямецкія падслухоўшчыкі былі ўпэўнены, што менавіта на брэтонскім накірунку канцэнтруюцца галоўныя сілы дэсанта. Больш таго, амэрыканцы падрыхтавалі і завезьлі ў Англію тысячы гумовых мадэляў танкаў і гармат, а таксама драўляных мадэляў суднаў. Калі жаўнеры напампоўвалі гумовыя цацкі, то паўставалі зьнешне вельмі пагрозьлівыя масы, якія нават у падрабязнасьцях паўтаралі сілуэт сапраўднай бранетэхнікі. Нямецкія самалёты-выведчыкі дастаўлялі ў штабы фотаздымкі, на якіх былі бачныя шэрагі танкаў і артылерыі. Драўляныя мадэлі таксама чыталіся з паветра, як флатыліі транспартных суднаў. На дзесятках фальшывых аэрадромаў стаялі сотні фанэрных, адэкватна пафарбаваных мадэляў баявых самалётаў. Немцы рабілі на іх масіраваныя налёты, эфэктыўна зьнішчалі іх, а брытанцы з амэрыканцамі пасьміхаліся, седзячы ў бункерах. У гульню ўключылі нават генэрала Патана, тактычнага камандуючага дэсантнай апэрацыі. Яго вазілі ў адкрытым джыпе насупраць брэтонскага берага, прымушалі выступаць на мітынгах і засьвечвацца ўсімі магчымымі спосабамі. У той самы час насупраць нарманскага берага адбывалася патаемная канцэнтрацыя самых магутных у гісторыі войнаў дэсантных сілаў.
У цэлым падманная апэрацыя ўдалася. На працягу першых двух вырашальных сутак пасьля пачатку дэсантнай апэрацыі Гітлер быў упэўнены, што ў Нармандыі адбываецца фальшывы манеўр з мэтай адцягнуць увагу ад галоўнага ўдара на Брэтань. Нямецкія войскі, так патрэбныя ў Нармандыі, бязьдзейсна тапталіся ў Брэтані...
Чаму мы так падрабязна распавядаем гэтую даўнюю гісторыю? А таму што па маштабах і характару (няхай сабе не ў ваеннай, а ў дыпламатычнай плоскасьці) апошнія падзеі ў цэнтры Эўропы вельмі нагадваюць нарманска-брэтонскую deception operation. Толькі цяпер галоўнымі арганізатарамі надзьмутых мадэляў і гульні ў эфіры выступілі немцы з масквой. А падманутым і дэзарыентаваным аказаўся ўвесь цывілізаваны сьвет.
На працягу двух месяцаў адной з галоўных тэмаў у СМІ ўсяе планеты было “набліжэньне Украіны да Эўразьвязу”. У Вільні ў залі паседжаньняў саміта Ўсходняга партнёрства ўжо расставілі сталы і крэслы, адпрасавалі сьцягі, падрыхтавалі гэрбавую паперу і аўтаручкі... Фонам дэкаратыўнай падрыхтоўкі служылі падзеі на лініі Кіеў-Масква. У Кіеў выехалі цемры журналістаў і аналітыкаў з розных краін. Яны рабілі апытаньні на вуліцах, грамадзяне і палітдзеячы распавядалі ім пра свае прэфэрэнцыі. Масква рабіла пагрозьлівыя заявы, на адзін дзень нават зьнік прэзыдэнт Януковіч — і (о, цуд!) знайшоўся ў Маскве, дзе “вёў сакрэтныя перамовы з Пуціным”. Дзеячы Эўразьвяза рабілі заявы ў адказ на пагрозы Масквы і дадаткова тлумачылі, якія выгоды будзе мець Україна ад вяртаньня ў Эўропу з маскоўскай арбіты. “Абстаноўка накалялася”...
І вось 21 лістапада на сваім паседжаньні ўрад Украіны заявіў, што ня будзе падпісваць пагадненьне аб партнёрстве з Эўразьвязам, і пакінуў краіну ў сфэры нэакаланіялісцкіх уплываў Масквы. Многія ў сьвеце застылі з раззяўленымі ратамі. Але ў цэлым нямой сцэны не атрымалася. Раптам з-над Рэйна загучалі галасы партайгэносаў розных узроўняў, якія загаласілі пра “брутальны ціск Масквы на Ўкраіну”, пра “нецывілізаваныя паводзіны Пуціна”, “так нельга, такое недапушчальна!” Так выступіла канцлерка Мэркэль, шэраг іншых нямецкіх палітыкаў і спэцоў-русістаў. Такой антымаскоўскай рыторыкі сьвет ня чуў ад немцаў з самых дагарбачоўскіх часоў.
Усе зьдзіўляюцца. Асабліва зьдзіўляюцца беларусы. З самых постгарбачоўскіх часоў, з перашага дня існаваньня незалежнай Беларусі тыя самыя немцы (якія сёньня шумяць супраць “маскоўскага ціску”) нахабна і самаўпэўнена пераконвалі беларусаў, што ім трэба “рэінтэграваць Беларусь у больш дэмакратычную Расею, гэта будзе гарантыяй дэмакратыі”. А тут раптам такі “свяшчэнный гнев” у сувязі з нашымі ўкраінскімі суседзямі, якіх Берлін, маўляў, ня хоча аддаць Маскве. Цікава, нямецкі “гнеў” настолькі імпэтны і зладжаны, што праглядаецца рэжысура гэтага спэктакля. Так, менавіта спэктакля, які разыгрываўся Бэрлінам і Масквой (зразумела, зь ведама вышэйшага начальства ў Брусэлі) перад усёй Эўропай. Васал Масквы Януковіч з сваёй групоўкай і не зьбіраўся нічога ў Вільні падпісваць, ён арганізаваў у адпаведнасьці з сцэнаром шэраг спэцэфэктаў. Чаго вартая, напрыклад, “няўступлівасьць” Кіева ў справе вывазу на лячэньне на Захад адной хворай жанчыны, якая знаходзіцца ў кіеўскай турме? “Ня выпусьцім Цімашэнку і ўсё!” Каб захаваць прыстойны выгляд Масква з Берлінам нават пайшлі на ілюзорны канфлікт і крыкі на сцэне.
А аказалася, што страшылкі гумовыя, іх надзьмулі і расставілі пасярод дэкарацый. Запускалі вясельных генэралаў, якія ўдавалі інспэкцыі “эўраінтэграцыі”, запоўнілі эфір піскам і пацешнымі шыфроўкамі. Навучыліся немцы з сваёй мінуўшчыны.
Аказалася, што хватка маніпуляваць можна процьмамі спэцоў-аналітыкаў і шматмільённымі грамадзтвамі ў шэрагу краін. Што фальшывую апэрацыю можна раскручваць публічна, на вачах у народаў. Толькі вось небясьпечная гэтая гульня. Праміне час, і раскрыецца яе гнюсны сцэнар, раскрыецца падступны гэшэфт Берліна і Масквы па гандлю Ўкраінай і яе будучыняй. Народы выставяць фальшывым свае рахункі.
Валеры Буйвал