“БЛІЗКІ ЎСХОД НЯ МОЖА ІСНАВАЦЬ БЕЗ ХРЫСЬЦІЯНАЎ, КАЖА ПАПА”

21 лістапада славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Арабская вясна ўзмоцніла ісламістаў і павысіла напружаньне. Хрысьціяне часта становяцца аб'ектам нападаў і перасьледу.

Ватыкан. Папа Францішак у чацьвер заявіў, што каталіцкі касьцёл ня можа прымаць Блізкі ўсход без хрысьціянаў, якія часта вымушаны ўцякаць ад канфліктаў і закалотаў у рэгіёне.

Мы не пагодзімся з вобразам Блізкага ўсходу без хрысьціянаў”, — сказаў папа Францішак пасьля сустрэчы з патрыярхамі з Сірыі, Ірака і Эгіпта.

Ён таксама заклікаў шанаваць “унівэрсальнае права на дастойнае жыцьцё і вольнае практыкаваньне сваёй веры”.

Арабская вясна, якая выклікала перавароты ў краінах рэгіёну і вывела ісламісцкія партыі ва ўладу, павысіла напружаньне паміж тамашнімі мусульманамі і хрысьціянамі. Хрысьціяне сталіся ахвярамі нападаў фундамэнталістаў, перасьледу, а ў некаторых выпадках былі вымушаны эміграваць.

Таму папа сказаў, што яго непакоіць становішча хрысьціянаў, якія пакутуюць у многіх частках Блізкага ўсходу.

“Ня будзе нам спакою, пакуль там будуць мужчыны і жанчыны якога-кольвечы вызнаньня, годнасьць якіх зневажаецца, якім адмаўляецца ў асноўных магчымасьцях на выжываньне, у якіх скрадзена будучыня, якія былі вымушаны стацца ўцекачамі”, — сказаў папа.

У 2012 годзе папярэднік Францішка Бэнэдзікт XVI выкарыстаў сваё падарожжа на Блізкі ўсход, каб запрапанаваць падтрымку хрысьціянскім меншасьцям. Ён заклікаў іх, каб яны не эмігравалі і не паддаваліся адчуваньню дыскрымінацыі, зьвязанай з цяперашнім уздымам ісламізма.

sita

Пераклаў з славацкай В. Буйвал

Крыніца: http://www.sme.sk/c/7013704/blizky-vychod-nemoze-byt-bez-krestanov-vravi-papez.html