ХРЫСЬЦІЯНСКАЯ СЬВЯТЫНЯ ПАД ПАГРОЗАЙ
20 лістапала швэдская газэта “Dagens Nyheter” апублікавала артыкул пад тытулам “Агія Сафія ў цэнтры палітычнай спрэчкі”. Вось гэты артыкул:
Слоўная вайна ўспыхнула паміж Турцыяй і Грэцыяй наконт планаў магчымага ператварэньня галоўнага помніка культуры Стамбула Агіі Сафіі ў мячэць. Спрэчка паміж двума суседнімі краінамі аб помніку сусьветнай спадчыны, якому 1476 гадоў, нядаўна набыла рэлігійнае адценьне.
Грэцыя з абурэньнем адрэагавала на заяву віцэ-прэм'ера Турцыі Бюлента Арынча аб тым, што ён спадзяецца ператварыць Агію Сафію ў мячэць.
Агія Сафія створана ў 537 годзе і на працягу стагоддзяў была візантыйскай царквой. Яна была таксама галоўным цэнтрам патрыярхата ў Канстацінопалі, аж пакуль зь яе не зрабілі мячэць у 1453 г. пад асманскай імпэрыяй.
Пасьля ўтварэньня сучаснай Турцыі ў 1935 г. у будынку быў разьмешчаны музэй
Заява Арынча “ёсьць абразай для рэлігійных пачуцьцяў мільёнаў грэкаў”, паведаміў у сваёй заяве грэцкі дэпартамэнт замежных справаў.
NTT-AFP
Пераклаў з швэдскай В. Буйвал
Сабор Сьвятой Сафіі (Божай Мудрасьці) быў створаны задоўга да падзелу Хрысьціянскай Царквы на Усходнюю і Заходнюю (1054 г.). Велічная архітэктура манумэнтальнага сабору і прыўкрасныя візантыйскія мазаікі ёсьць сапраўды сусьветнай спадчынай, якой ня мае права распараджацца цяперашняя асманская адміністрацыя. Сьвятая Сафія паслужыла натхняльным узорам у працэсе хрысьціянізацыі ўсходнеславянскіх народаў. На яе прыкладзе будаваліся саборы Сьвятой Сафіі ў Кіеве, Полацку і Ноўгарадзе. Беларусы не павінны застацца раўнадушнымі да гэтай пагрозы хрысьціянскай сьвятыні.
Валеры Буйвал