РАСЕЯ ПЕРАЎЗБРОЙВАЕЦЦА
21 лістапада славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейцы павысяць на чвэрць выдаткі на забесьпячэньне арміі”. Вось гэты артыкул:
Хаця на ахову здароўя і адукацыю грошай няма, расейцы хочуць на працягу сямі гадоў закупіць новае ўзбраеньне для большай часткі арміі.
Масква. Расейская ўлада плануе на будучы год павысіць выдаткі на забесьпячэньне арміі на 25%.
Гэта паведаміў ў сераду намесьнік міністра абароны Юры Барысаў, якога цытавала прэсавая агенцыя РІА-Новості.
Выдаткі на замовы па забесьпячэньню расейскіх узброеных сілаў, такім чынам, ў 2014 годзе павінны дасягнуць узроўня 1,7 більёна рублёў (38,4 мільярдаў эўра).
Сёлетні бюджэт дзяржаўных армейскіх замоваў складае суму 1,3 більёна рублёў (29,2 мільярды эўра).
Захады ўлады ўпісваюцца ў агульнае павышэньне выдаткаў ў абарончым ведамстве, але адбываецца гэта на фоне жорсткіх бюджэтных скарачэньняў, якія плануюцца ў вобласьці аховы здароўя і адукацыі.
Зараз Расея рэалізуе амбіцыйную праграму чарговага пераўзбраеньня, у рамках якой разьлічаны інвэстыцыі ў памеры 20 більёнаў рублёў (473,1 мільярдаў эўра) да 2020 года.
Такім чынам, сучаснае ўзбраеньне павінна дасягнуць у расейскай арміі ў 2015 годзе 30%, а ў 2020 годзе ажно 70%.
Далей Барысаў паведаміў, што новая праграма дзяржаўных армейскіх замоваў на дзесяцігоддзе, якую зараз рыхтуе ўлада, дасьць прыярытэт якасьці новага ўзбраеньня перад колькасьцю і возьме курс на стандартызацыю вайсковага абсталяваньня.
tasr
Пераклаў з славацкай В. Буйвал.