СЛАВА СЛУЦКІМ ЗМАГАРАМ!

Паважаныя землякі, фронтаўцы, дарагія прыхільнікі Бацькаўшчыны-Беларусі!

Сёньня, як заўсёды ў гэты лістападаўскі час, мы ўшаноўваем на Случчыне памяць і змагарны чын нашых продкаў, якія са зброяй у руках выступілі ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі супраць бальшавіцка-маскоўскай навалы. Нашыя продкі-случакі сталі ў абарону нашай зямлі, свабоды, незалежнасьці, і, як паказала гісторыя, — у абарону нашых культурных і духоўных беларускіх каштоўнасьцяў. Гэта шмат значыць, бо пры далейшым змаганьні ўжо пад акупацыяй менавіта нашыя каштоўнасьці нам прышлося абараняць увесь час і прыходзіцца па сёньняшні дзень. Калі мільённая маскоўска-бальшавіцкая арда захапіла Беларусь, то ў людзей адабралі зямлю, маёмасьць, волю, уласнасьць, магчымасьць працы на сябе, сталі нішчыць нашу мову, гісторыю і культуру, пачалі фізічна зьнішчаць людзей, расстрэльваць і забіваць.

На фоне таго, што потым вытваралі ў Беларусі маскоўскія бальшавікі подзьвіг случакоў уздымаецца вельмі высока. Яны ведалі з кім і за што змагаліся і ніякая колькасная перавага праціўніка іх не палохала.

Подзьвіг случакоў павінен натхняць нас, усіх беларусаў, цяпер. Якая б ні была вялікая цемра чужой улады, зь ёй трэба змагацца і рыхтаваць грамадзтва да рашучых падзей. А яны, гэтыя падзеі, будуць, яны настануць.

Галоўны ўдар маскоўскай палітыкі ў Беларусі — гэта ёсьць удар па Беларускай мове і беларускай школе. Маскоўцы разумеюць, што, ня зьнішчыўшы ў грамадзтве нацыянальную Беларускую мову, яны ніколі ня здолеюць зьнішчыць Беларусь і беларускі народ. Каб зьнізіць супраціў, яны першым чынам імкнуцца сродкамі прапаганды і дэзынфармацыі асьляпіць праціўніка, каб ён нічога ня бачыў і нічога не разумеў.

Наша задача сурацьдзейнічаць гэтай агрэсіі. Беларуская мова ёсьць наша наймагутнейшая зброя. Яе трэба задзейнічаць на поўную сілу, каб адкінуць маскоўскіх ворагаў чалавецтва.

Пачынаць трэба з сябе самых і з самых простых дзеяньняў. Беларусы, якім адабралі беларускую мову праз рускую школу, пасылайце сваіх дзяцей вучыцца ў беларускія школы. Там, дзе ўлады пазачынялі беларускія школы, — патрабуйце іх адчыніць. Гэта першы неабходны крок, які вымагае цяпер сумеснага грамадзкага рушэньня. Гэта крок першы, просты і нецяжкі, але неабходны. І тут цемра будзе супраціўляцца, але за праўду і будучыню трэба рупіцца, клапаціцца, змагацца, перамагаць.

Пасылайце сваіх дзяцей у беларускія школы. Патрабуйце беларускіх школ і беларускай вышэйшай адукацыі!

Настае адказны час для Бацькаўшчыны. Антыбеларускі рэжым курчыцца і будзе паволі здыхаць, атручваючы народнае жыцьцё. Ня дайма людзям захварэць у ягонай нячыстай чужой атмасфэры. Падымайма ўгару ўсё сваё, шануйма нашу беларускую мову, бо яна ёсьць зарукай нашай вольнай будучыні і нашай вечнасьці на нашай беларускай зямлі.

Слава слуцкім змагарам за нашу прышласьць!

Жыве Беларусь!

Слава героям!

Занон ПАЗЬНЯК

24 лістапада 2013 г.