АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (25.10–12.11.2013)

Ствараць архівы падзей

25 кастрычніка французкая газэта “Le Figaro” напісала пра грамадзкую кампанію, якая разгортваецца па ўсёй краіне. Гісторыкі і музэйшчыкі заклікалі людзей зьбіраць паўсюль прадметы, зьвязаныя з І Сусьветнай вайной. Тысячы нямецкіх сем'яў ужо ўдельнічалі ў такой кампаніі. Былі арганізаваныя выставы гэтых прадметаў. Сярод экспанатаў была, напрыклад Біблія, што належала жаўнеру Курту Гайлеру. Ён заўсёды насіў яе з сабой. У 1917 г. яна выратавала яму жыцьцё, калі Біблія прыняла на сябе ўдар асколка ад снарада.

Наш камэнтар: Як гэта прынята, вакол 100-годдзя Вялікай вайны (1914-18 гг.), якое набліжаецца, ў Беларусі будзе чарговая фальсіфікатарская кампанія. Будуць згадваць толькі пра “рускіх”, “рускую армію” і падобнае. Нібыта беларусаў і не было на той вайне. Трэба й нашаму грамадзтву зьбіраць і захоўваць прадметы тае пары. Настане час і будзе сказаная праўда.

Алесь Хадасевіч


Асад выказаўся

31 кастрычніка 2013 г. дацкая газэта “Berlingske” паведаміла, што сірыйскі прэзыдэнт Асад заявіў: мірныя перамовы могуць распачацца толькі тады, калі будзе спынена міжнародная дапамога паўстанцам.

Наш камэнтар: Ён, як і ўсе тыраны, арыгінал. На ягоны загад армія і спэцслужбы забівалі людзей на мірных дэманстрацыях пратэсту. Потым народ здолеў узброіцца і некалькі разоў амаль скінуў дыктатуру, якую выратавала Масква. І пасьля ўсяго Асад хоча, каб людзі раззброіліся і далі сябе беспакарана забіць...

Юрка Марозаў


Нават на Захадзе разумеюць.

4 лістапада 2013 г. швэдская газэта “Sydsvenska Dagbladet” апублікавала артыкул пад тытулам “Этнічная нянавісьць расьце ў Расеі”. Артыкул прысьвечаны сьвяткаваньню Дня нацыянальнага адзінства ў Расеі і праблемам з гастарбайтэрамі. Згадваецца і драма ў Бірулёве і іншыя факты міжнацыянальнай варажнечы.

Наш камэнтар: Нават заходнікі ўрэшце заўважылі, як на расейскім імпэрскім караблі пачынаецца бунт усіх супраць усіх. Добра было б, каб і беларусы ўсьведамілі гэта ды далей трымаліся ад усходняй імпэрыі.

Алесь Хадасевіч


Дзікая фантастыка ў царстве лібэралізма.

5 лістапада 2013 г. іспанская газэта “El Pais” напісала пра драму ў Нарвэгіі. Паўднёвы суданец забіў нажом кіроўцу і трох пасажыраў рэйсавага аўтобуса. Яму адмовілі ў праве на палітычны прытулак ў Нарвэгіі і паслалі (без паліцэйскага эскорта) у Осла, каб выслаць у Іспанію, дзе ён быў зарэгістраваны. За гэта ён забіў усіх, хто ехаў зь ім у аўтобусе. У краіне зноў пачалася дыскусія пра імігрантаў.

Наш камэнтар: Забойца Брэйвік, аказваецца, нічаму не навучыў нарвэжскія ўлады. Экзоты спакойна гуляюць па краіне з нажамі ў кішэнях і пад настрой забіваюць мясцовых людзей. У іх ёсьць незалежная дзяржава, але яны помсьцяць нарвэжцам за тое, што тыя не даюць ім пакарыстацца іхнай высокаразьвітай краінай. Чытаецца ўсё гэта, як дзікая фантастыка ў царстве лібэралізма.

Алесь Хадасевіч


Правы чалавека абароніць Кітай

11 лістапада 2013 г. славацкая газэта “SME” паведаміла, што ў Раду ААН па правах чалавека былі абраныя Кітай, Савудаўская Арабія і Вьетнам. Актывісты правоў чалавека б'юць трывогу.

Наш камэнтар: Так, гэтыя навучаць “родіну любіть” (як казалі крымінальнікі палітычным вязьням у ГУЛАГу). Гэта ёсьць яшчэ адно сьведчаньне таго, чым ёсьць ААН (дзе сядзяць разам і дэмакратычныя дзяржавы і злачынныя) і афіцыёз з “правамі чалавека”.

Алесь Хадасевіч


Пілігрымка ў Сьвятую Зямлю.

12 лістапада 2013 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” напісала пра традыцыйную чэшскую пілігрымку ў Сьвятую Зямлю. Там сустрэліся некалькі тысячаў чэхаў розных узростаў. Розьніца ва ўзросьце паміж самым малым і самым старым удзельнікам пілігрымкі складае 80 гадоў. Людзі моляцца на роднай мове, сьпяваюць, далучаюцца да хрысьціянскай традыцыі.

Наш камэнтар: Газэта дадала, што многія ўпершыню сустракаюцца на гэтай пілігрымцы, хаця жывуць у адной краіне.

Яно так, усе людзі пазнаюць суродзічаў за мяжой па роднай мове, па родным слове. На жаль, пра бальшыню беларусаў гэтага ня скажаш. Паспрабуй адрозніць нашых ад іншых “русскоязычных” — амаль немагчыма. Прыкра ўсё гэта.

Алесь Хадасевіч