“КАТАВАНЬНІ Ў РАСЕІ СТАЛІСЯ “РУЦІННАЙ ЗЬЯВАЙ”

15 лістапада латвійская газэта “Neatkariga Ritas Avize” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Катаваньні ў Расеі сталіся звычайнай і руціннай зьявай, гаворыцца ў дакладзе, які падрыхтавала Французкая хрысьціянская асацыяцыя па выкараненьню катаваньняў ў хаўрусе з Камітэтам супраць катаваньняў і фондам “Грамадзкі вэрдыкт”.

Аўтары даклада сярод іншага заяўляюць, што катаваньні ў паліцыі набылі сістэматычны характар. Арыштаваных і падазраваных катуюць з мэтай хутчэй дамагчыся ад іх прызнаньня, што ў сваю чаргу дазваляе дасягнуць лепшых статыстычных паказчыкаў.

Падазраваных катуюць незалежна ад таго, ці “падазроньне абгрунтаванае ці не”, гаворыцца ў дакладзе.

Гвалт у турмах выкарыстоўваецца адміністрацыяй або ў выглядзе “судовай працэдуры” або таксама з боку асобаў, якія знаходзяцца разам у камэры, якія дзейнічаюць такім чынам па просьбе або таксама з дазволу кіраўніцтва турмы.

Аўтары даклада асаблівую ўвагу надалі катаваньням у Чачэніі.

Там галоўным чынам катуюць маладых людзей, якіх дзяржаўныя ўстановы падазраюць у падтрымцы паўстанцаў або ў сімпатыях да паўстанцаў.

Маштаб пазасудовых дзеяньняў у Чачэніі “шакуе і стварае ўражаньне, што ў гэтым рэгіёне законы ня дзейнічаюць у прынцыпе”.

Ахвярам катаваньняў рэдка калі ўдаецца знайсьці справядлівасьць у судзе. Праваахоўчыя структуры адмаўляюцца ўзбуджаць справы супраць паліцэйскіх па фактах выкарыстаньня гвалту, а зьняволеным няма ніякага доступу да якіх-кольвечы сродкаў прававой абароны.

Калі ўсё ж такія справы даходзяць да суду, катам выносяцца збольшага лёгкія прысуды.

Аўтары даклада робяць выснову, што такая практыка зьяўляецца вынікам недасканалага заканадаўства і “абсалютна неэфэктыўным ўжываньнем прававых нормаў”.

Агенцыя навінаў LETA

Пераклаў з латышскай В. Буйвал

Крыніца: http://nra.lv/pasaule/106037-spidzinasana-krievija-kluvusi-par-rutinas-paradibu.htm

Гэтая тэма даўно і добра знаёмая беларусам. За часы лукашызма яны чулі ад людзей з “праваахоўчых ворганаў”: “Говорите со мной по-русски, я вас не понимаю”. Такім чынам беларусы пераканаліся, што ў праваахоўчай сістэме Беларусі атабарылася вялікая колькасьць гастралёраў з Расеі. Зразумела, што гэтая публіка прынесла з сабой свае традыцыі, замашкі і прыхамаці. Да гэтага дадаецца таксама класічны комплекс паводзінаў акупанта ў акупаванай краіне. З гэтым зьвязаная статыстыка забойстваў беларусаў у СІЗА, аб чым апошнім часам паведамляюць СМІ. Вось такі падарунак атрымаў наш народ у выніку васальнай залежнасьці мясцовага рэжыму ад дзікай ардынскай імпэрыі і перайманьня іх мовы.

Павел Гулевіч