“СІРЫЙСКАЯ ЎЛАДА ПЕРАД КАНФЭРЭНЦЫЯЙ У ЖЭНЭВЕ БУДЗЕ РАІЦЦА З РАСЕЙЦАМІ”

15 лістапада славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Мірная канфэрэнцыя павінна адбыцца праз няпоўны месяц. Сірыйская апазыцыя ня хоча ў ёй удзельнічаць.

Дамаск. Сірыйская ўлада пашле дэлегацыю ў Расею, дзе яе члены будуць у панядзелак дыскутаваць аб падрыхтоўцы мірнай канфэрэнцыі па вырашэньню канфлікта ў Сірыі, якую доўга адкладалі.

Канфэрэнцыя, паводле інфармацый у СМІ, адбудзецца праз няпоўны месяц у швайцарскай Жэнэве.

Дэлегацыя, паводле не названых крыніц, павінна складацца з дарадчыка прэзыдэнта Башара Асада, наместніка міністра замежных справаў і высокага прадстаўніка міністэрства па эўрапейскіх справах.

Яны павінны сустрэцца з высокімі прадстаўнікамі ўлады ў Маскве, зь якімі будуць узгадняць дэталі канфэрэнцыі.

Сірыйская праўладная газэта “Ватан” у справе сьнежаньскай сустрэчы прадстаўнікоў сірыйскай улады і паўстанцаў спасылаецца на крыніцы з асяроддзя французкай дыпламатыі.

Амэрыканскі міністар замежных справаў Джон Кэры, паводле “аль-Ватан” сказаў свайму французкаму партнёру Лорэнсу Фаб'юсу, што тэрмін канфэрэнцыі будзе абвешчаны генэральным сакратаром ААН Пан Гі-мунам 25 лістапада.

Крыніцы з асяродку сірыйскай улады так жа сама, як і сірысйкая апазыцыя, адмовіліся пацьвердзіць гэтую інфармацыю.

Міжнародная супольнасьць на працягу доўгіх месяцаў імкнецца пераканаць прадстаўнікоў разрозьненай сірыйскай апазыцыі ў тым, каб яны ўзялі ўдзел у мірнай канфэрэнцыі ў імя дасягненьня міра ў краіне.

Мерапрыемства пад назовам Жэнэва-2 павінна быць працягам падобнай канфэрэнцыі, якая адбылася ў чэрвені 2012 г., калі сусьветныя супэрдзяржавы падтрымалі ідэю пераходнай улады ў Сірыі.

Сірыйская апазыцыйная кааліцыя ўжо раней заявіла, што возьме ўдзел у мірнай канфэрэнцыі, якую цяпер рыхтуюць, толькі калі Асад аддасьць уладу і ня будзе ўдзельнічаць у стварэньні будучага ўраду.

Petit Press

Пераклаў з славацкай В. Буйвал

Крыніца: http://www.sme.sk/c/7006593/syrska-vlada-sa-pred-konferenciou-v-zeneve-poradi-s-rusmi.html

А мы й ня ведалі, грэшныя, што Сірыя зьяўляецца саюзнай рэспублікай Расейскай Фэдэрацыі. А можа калоніяй Маскоўскай імпэрыі? Цікавы ход канём — ехаць у Крэмль і раіцца з баярамі перад мяркуемай сустрэчай з суграмадзянамі, які ўзяліся за зброю. Нічога дзіўнага няма, так рабілі ў 1991 годзе сэрбскія начальнікі і генэралы, калі распадалася іхняя імпэрыя. Ім тады ў Крамлі падказалі: “Біце сэпаратыстаў, душыце народы, мы вам дапаможам!” У выніку ўспыхнула крывавая югаслаўская вайна, загінулі сотні тысячаў людзей. У выніку ад Сэрбіі адкалолася нават Чарнагорыя, НАТО бамбавала Белград, Масква падаслала ў турэмную камэру Мілошавічу атручаныя піражкі, а сэрбы дагэтуль перажываюць постімпэрскі комплекс.

Можна не сумнявацца, што й гэтым разам крамлёўскія бонзы падкажуць экзатычным кліентам: “Мы з вамі да канца! Біце гадаў, нікога ня слухайце! Мы патронаў вам падкінем. Патронов не жалеть!” І будзе далей гарэць полымя вайны. А Масква грэць ручкі ды пасьміхацца — усе занятыя на Бліжнім Усходзе.

Сяргей Камароўскі