“ЗША ЗАПЭЎНІВАЮЦЬ МАЛДОВУ, ШТО АКАЖУЦЬ ЁЙ ДАПАМОГУ, КАЛІ РАСЕЯ ПОЙДЗЕ НА ЭКАНАМІЧНЫ ЦІСК НА ЯЕ”

8 лістапада румынская газэта “Evenimentul Zilei” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Злучаныя Штаты маюць намер аказаць яшчэ большую падтрымку Рэспубліцы Малдова, уключна фінансавую, каб дапамагчы ёй наблізіцца да заходняй прасторы, калі ціск з боку Расеі будзе працягвацца, — заявіў учора ў Кішынёве Эрык Рубін, дарадца Дзяржаўнага Сакратара ЗША, падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Нікалае Цімафці.

Амэрыканскі прадстаўнік заявіў, што месца Рэспублікі Малдова ёсьць у эўрапейскай прасторы і ў трансатлантычнай прасторы. “У адказ на ціск Расейскай Фэдэрацыі на краіны Усходняга Партнёрства мы кажам, што наша ідэя — гэта Зьяднаная Эўропа, у якой пануе дэмакратыя”, — зазначыў амэрыканскі прадстаўнік, цытаваны Agerpres.

Ён павітаў як важную ідэю рашэньне ўладаў Кішынёва паслаць групу малдаўскіх вайскоўцаў у Косава дзеля выкананьня інтэрнацыянальнай місіі па падтрымцы міру.

Нікалае Цімафці падзякаваў амэрыканскага прадстаўніка за палітычную падтрымку і эканамічную дапамогу Рэспубліцы Малдова з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. “У гэты вырашальны пэрыяд для эўрапейскай будучыні маёй краіны мы высока цэнім любы натхняючы знак з боку нашых амэрыканскіх сяброў”, — сказаў Нікалае Цімафці.

Ён таксама згадаў пра ўнёсак Злучаных Штатаў ў вырашэньне прыднястроўскага канфлікта і сказаў пра жаданьне кансалідацыі узаемнага партнёрства паміж Рэспублікай Малдова і ЗША, а таксама пра якаснае разьвіцьцё палітычнага дыялогу ў дзейнасьці, якая будзе служыць стратэгічным інтарэсам абедзьвюх краін.

Рэспубліка Малдова імкнецца парафіраваць на саміце Усходняга Партнёрства Дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам, якая дасьць ёй магчымасьць свабоднага абмену. Апошнім часам расейскія афіцыйныя прадстаўнікі выступілі з крытыкай імкненьня краіны наблізіцца да Эўразьвязу, а некаторыя акцыі, як забарона імпарта малдаўскіх він або абвастрэньне напружаньня паміж Кішынёвам і Ціраспалям, некаторыя экспэрты і палітыкі кваліфікавалі проста як спробу парушыць працэс эўрапейскай інтэграцыі.

Паўл Чакою

Пераклаў з румынскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.evz.ro/detalii/stiri/sua-asigura-republica-moldova-de-sprijinul-sau-daca-rusia-isi-mentine-presiunile-economice-1066566.html