БЛАЗНЫ КІДАЮЦЦА ПАЛЬЧАТКАМІ

У неіснуючых межах неіснуючага “союзного государства РБ і РФ” назіраюцца пэўныя сінхронныя дзеяньні. Вось што паведаміла з Масквы 17 лістапада польская газэта “Gazeta Wyborcza” у артыкуле пад тытулам “Навальны кідае пальчатку Пуціну”:

— Мы засноўваем партыю, каб ўзяць уладу ў Расеі. — казаў Аляксей Навальны, адзін зь лідэраў антыкрамлёўскай апазыцыі, на нядзельным устаноўчым зьезьдзе Народнага Альянса ў Маскве.

Кангрэс сабраўся для таго, каб Народны Альянс мог у трэці раз прадставіць ў Міністэрства Юстыцыі заяву на ўнясеньне ў рэестр палітычных партый. Міністэрства пад рознымі прычынамі ўжо два разы адмовіла ў рэгістрацыі групоўкі Навальнага, знанага блогера, які перш за ўсё раскрывае карупцыю ў асяродку людзей улады.

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14967803,Nawalny_rzuca_rekawice_Putinowi.html

У Беларусі тым часам перадвыбарчая гульня разгортваецца на некалькі хадоў наперад. Адчуваецца, што нашу краіну і наша грамадзтва Крэмль-Луьянка выкарыстоўваюць як палігон для выпрабаваньня мэтадаў дэзынфармацыі і дэзарыентацыі грамадзтва. Пасьля апрабаваньня мэтадаў на беларусах, лубянскі рэжым выкарыстоўвае мэтодыкі на прасторах РФ. Вось і цяпер як гром зь яснага неба (да электаральных шоў рэжыму яшчэ застаецца шмат часу) пачуліся галасы падстаўных дзеячаў псэўдаапазыцыі, якія загукалі пра “маладога кандыдата”, “адзінага лідэра”, “усе на выбары, мы ім пакажам!” і г.д. У Менску нічога ў прынцыпе засноўваць ня трэба. Кожная з палітычных марыянэтак мае сваю партыйку, ініцыятыўку, арганізацыйку. А вось у Маскве Навальны нагадвае пра сябе заснаваньнем “уласнай партыі”, ды яшчэ з такой экзатычнай назвай!

Лексіка гэтага блогер-блазна “рашучая” і без комплексаў — возьмем уладу і ўсё! Зноў СМІ ўсяго сьвету будуць тлуміць голаў сваім грамадзтвам гэтай звонкай бразготкай. Але нават расейцы ўжо зразумелі, хто такі Навальны і не зьбіраюцца ісьці на лубянскія шоў-“выбары”.

Беларусы таксама павінны адэкватна ацаніць дэмагагічную мітусьню мясцовых псэўдаапазыцыйных паслугачоў рэжыму і салідарна заявіць пра Народны Байкот выбарчых фарсаў.

Янка Базыль