ЛЕНІНСКАЯ ПАТАЛОГІЯ
14 лістапада славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “З роднага горада Леніна хочуць зрабіць музэй камунізма”. Вось гэты артыкул:
Горад Ульянаўск плануе на працягу дзесяці гадоў паставіць дзесяткі музэяў і крамаў. Спадзяецца на наплыў турыстаў.
Масква. Ульянаўск, родны горад расейскага рэвалюцыйнага правадыра Ўладзіміра Леніна, павінен стацца вялікім памятным горадам Савецкага саюза.
Горад плануе пабудаваць дзесяткі музэяў і крамаў з камуністычнымі прадметамі.
Праект, які будзе рэалізаваны на плошчы ў 120 гэктараў, будзе каштаваць, як мяркуецца, амаль 1,38 мільярдаў эўра. У будаўніцтве павінны ўдзельнічаць нароўную ўлада і інвэстары.
Паводле дырэктара цэнтра па разьвіцьцю турызма ва Ўльянаўску Сяргея Лакоўскага ў 2014 годзе будзе распачата санацыя музэйнага комплекса, які ўжо існуе.
Праект павінен быць скончаны ў 2022 годзе да 100-годдзя ўзьнікненьня Савецкага саюза, які распаўся ў 1991 годзе.
Горад спадзяецца, што пасьля пабудовы музэя камунізма колькасьць наведвальнікаў горада павялічыцца з 200 тысячаў цяперашніх да мільёна штогод.
Аднак крытыкі праекта сьцьвярджаюць, што няма распрацаванай савецкай гісторыі, а значыць і канцэпцыі такога музэю.
Petit Press
Пераклаў з славацкай В. Буйвал
Вось гэта імпэрска-крамлёўскі сюррэалізм над Волгай! Выступаем з сустрэчнай прапановай для нямецкіх і аўстрыйскіх таварышаў — пабудаваць музэйны комплекс нацызма ў родным мястэчку Адольфа Гітлера Браўнаў да якога-небудзь юбілею Трэцяга Райха. Толькі наўрад-ці ім гэта ўдасца зрабіць. Прапаганда гітлерызма ў Эўропе забаронена. Настолькі строга, што сёлета былі нават ліквідаваныя магілы бацькоў А. Гітлера ў Браўнаў, каб спыніць паломніцтва вэтэранаў і нэанацыстаў у гэтае месца.
Чаму такая розьніца? А таму, што нямецкі гітлерскі Райх быў разгромлены і асуджаны чалавецтвам, а маскоўскі ленінскі Райх надзьмуваецца і спрабуе рэанімавацца ў былых межах. Але не атрымаецца!
Валеры Буйвал