САКРЭТНЫЯ ПЕРАМОВЫ ЯНУКОВІЧА Ў МАСКВЕ

11 лістапада летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “В. Януковічу ва Ўкраіне пагражае абвінавачваньне”. Вось гэты артыкул:

Старшыня фракцыі ўкраінскай партыі “Батьківшчіна” запатрабаваў, каб міністар замежных справаў даў інфармацыю аб нібыта сакрэтных перамовах паміж прэзыдэнтам краіны Віктарам Януковічам і кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным.

“Я прашу ў міністра замежных справаў (Леаніда Кожара) дакладнай інфармацыі — што прэзыдэнт Украіны робіць другі раз у Расеі і пра што ён размаўляў з прэзыдэнтам Ул. Пуціным”? — сказаў Арсэній Яцэнюк на пасяджэньні камітэта па законным забесьпячэньні прававой дзейнасьці.

Паводле парлямантара, калі сапраўды В. Януковіч і Ул. Пуцін удзельнічалі ў сакрэтных перамовах, гэта можа стацца асновай для высоўваньня абвінавачваньня прэзыдэнту.

“Калі кіраўнік краіны вядзе сакрэтныя перамовы з прэзыдэнтам іншай краіны, гэта ёсьць непасрэдная аснова для выстаўленьня абвінавачваньня такому прэзыдэнту”, — сказаў А. Яцэнюк.

Ён дадаў, што такія перамовы могуць мець прыкметы дзяржаўнай здрады.

Паводле А. Яцэнюка, апошнія падзеі паказваюць, што В. Януковіч не зьбіраецца падпісваць Дамову аб Асацыяцыі з Эўразьвязам.

“Яны хочуць праваліць (саміт) у Вільні. Яны ня хочуць адпусьціць (былую прэм'ерку Ўкраіны Юлію Цімашэнку)... На самай справе яны зьдзяйсьняюць сцэнар правала (саміта) у Вільні. Гэта катастрофа для краіны, у якой жывуць 40 млн. людзей”, — сказаў А. Яцэнюк.

9 лістапада прэзыдэнт Украіны наведаў з працоўным візытам Маскву, дзе абмеркаваў з Ул. Пуціным гандлёвыя і эканамічныя адносіны паміж краінамі.

Interfax, BNS i lrytas.lt inf.

Пераклаў з летувіскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.lrytas.lt/pasaulis/europa/v-janukovyciui-ukrainoje-grasinama-apkalta.htm