“ПШЫК” ПЕРАД АМБАСАДАЙ ПОЛЬШЧЫ Ў МАСКВЕ
13 лістапада польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Беспарадкі перад польскай амбасадай у Маскве. Адбыліся затрыманьні”. Вось гэты артыкул:
Некалькі асобаў выстрэлілі пэтарды перад польскай амбасадай у Маскве — паведамляе агенцыя РІА Новості. Гэта адказ за напад на амбасаду Расеі, якую заатакавалі падчас Марша Незалежнасьці.
Як паведамляе маскоўскі карэспандэнт TVN 24, самы супрацоўнікі амбасады, аднак, не заўважылі ніякай мітусьні. Акцыя працягвалася вельмі кароткі час — усяго некалькі сэкунд. Нападаючыя з арганізацыі “Другая Россія” абкідалі амбасаду фаерамі; яны спрабавалі таксама нешта падпаліць непадалёк. А потым большасьць зь іх уцякла. Гэта не ўдалося зрабіць тром хуліганам, якіх схапіла ўзмоцненая ахова амбасады. Такое ўзмацненьне ўлады Расеі паабяцалі Польшчы. Атакуючыя мелі транспарант з надпісам “Расея ад Варшавы да Порт-Артура”.
РІА Новості паведамляе, што мужчынаў затрымалі па абвінавачваньні ў парушэньні грамадзкага парадку. Расейская агенцыя паведамляе з сваёй крыніцы, што мужчыны прызналіся: іхняя акцыя была адказам за панядзелкавы напад на амбасаду Расеі ў Варшаве.
Тым часам ў сераду расейская прэса ўсё яшчэ піша пра панядзелкавыя беспарадкі ў Варшаве. “Сутычкі на вуліцах Варшавы, у тым ліку перад амбасадай Расеі, у дзень незалежнасьці Польшчы прывялі да сур'ёзных палітычных наступстваў”, — падкрэсьлівае ў сераду ўрадавая “Россійская Газета”, інфармуючы аб “станоўчым пратэсьце”, выказаным расейскім МЗС. РАР паведамляе, што паводле ацэнкі маскоўскай газэты “напад удзельнікаў маршу на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі быў, безумоўна, найбольш скандальным інцыдэнтам”.
Пераклаў з польскай В. Буйвал
Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14941414,Zajscia_pod_polska_ambasada_w_Moskwie__petardy__podpalenie_.html
Зразумела, што ў Маскве адбыўся акт (хутчэй, акцік) прапаганд-тэатру. Калі польскую амбасаду ахоўваюць “узмоцнена”, то, безумоўна, далі б рады схапіць усіх гопнікаў з пэтардамі. Але важна было паказаць, што “народ пратэстуе”, а “улада ня сьпіць”.
Выглядае ўсё мізэрна. Дастаткова параўнаць падзеі ў Варшаве і ў Маскве. Там — дзесяткі тысячаў патрыятычнай моладзі, тут — падасланая купка “обиженных патриотов”. Нешта ніхто без лубянскага сцэнару ня чухаецца наконт падсмажаных аб'ектаў РФ за мяжой. У людзей іншыя праблемы, за дыпчэкістаў яны нікуды не пасунуцца.
А лёзунг які! Раней было ў модзе “от Бреста до Куріл”. А цяпер вось як!
Янка Базыль