ПАПА НАС ПАЧУЕ!

11 лістапада польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Эфэкт Францішка” — больш людзей у касьцёлах. Папа: я ня маю да гэтага дачыненьня”. Вось гэты артыкул:

Чарговыя дасьледваньні пацьвярджаюць, што абраньне папы Францішка выклікала вяртаньне вернікаў у Касьцёл, як у Італіі, так і ў іншых краінах. Усё больш людзей ідзе на споведзь і бярэ ўдзел у імшах.

Пра фэномэн, які назваюць “эфэктам Францішка”, зноў піша італьянскі партал Vatican insider. Гэтая зьява ўзмацняецца — сьцьвярджае сацыёлаг Масіма Інтравінье, які якраз выдаў кнігу з вынікамі дасьледваньняў, апытаньняў і аналізаў, праведзеных ім.

Аўтар тома “Сакрэт папы Францішка” зазначыў, што толькі ў Італіі дзякуючы новаму біскупу Рыма да Касьцёла зноў наблізіліся некалькі сотняў тысячаў асобаў. “Гэта ёсьць эфэкт масавы і адмысловы”, — даў ацэнку італьянскі дасьледчык. Ён вызначыў як грунтоўнае тое, што гэтая зьява з першых месяцаў пасьля абраньня Хорхэ Марыя Бэрголье ў сакавіку не слабее, і такім чынам, не ёсьць вынікам пачатковага энтузіязму.

Гэтыя назіраньні пацьвердзіў арцыбіскул Фларэнцыі кардынал Джузэпэ Бэторы, які зазначыў, што найбольш даходзіць да сэрцаў людзей “навізна” цяперашняга пантыфіката, гэта значыць, перш за ўсё звароты папы ў адносінах да ўсіх асобаў, якія даўно знаходзяцца далёка ад Касьцёла.

Да падобных высноваў прышоў біскуп з горада Л'Аквіла Джавані Д'Эркале. “Расьце колькасьць тых, хто спавядаецца і ўдзельнічае ў імшах”. — зазначыў ён.

Vatican insider дадаў, што падобныя зьвесткі падаюць вельмі многія прадстаўнікі духавенства. І гэта ня ёсьць — як падкрэсьліваецца — зьява выключна італьянская. Мэтрапаліт Нью Ёрка кардынал Цімаці Долэн напісаў у сваім блогу, што пачуў ад многіх жыхароў свайго горада, што яны любяць папу Бэрголье.

Прычынай такіх адносінаў называюць пасланьне міласэрнасьці, зь якім выступае Францішак, а таксама хвалюючыя зрухі, якія суправаджаюць ягоныя павучэньні і словы.

У суботу на працягу дзьвюх з паловай гадзін папа паблаславіў па чарзе некалькі тысячаў хворых і інвалідаў, якія прыбылі на аўдыенцыю ў Ватыкан. Амаль з кожным ён паразмаўляў, абдымаў людзей, цалаваў, нахіляўся над інвалідамі на вазках, цярпліва слухаў іх, а дзецям раздаваў аўтографы. Італьянскія СМІ пасьля гэтай аўдыенцыі падкрэсьліваюць, што гэта была адна з самых хвалюючых сустрэч папы з вернікамі. Людзі плакалі, бачачы яго дзеяньні.

Сам папа мяркуе, што ён ня мае ўплыву на зьяву вяртаньня людзей у Касьцёл. На заўвагу аднаго з рымскіх пробашчаў, што ў адказ на ягонае пасланьне міласэрнасьці вырасла колькасьць споведзяў, Францішак сказаў: “Я ня маю да гэтага дачыненьня, усё гэта робіць Госпад Ісус”.

pap, pen

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14928850,_Efekt_Franciszka____wiecej_ludzi_w_kosciolach__Papiez_.html

Падзеі сьведчаць аб тым, што Папа Францішак — сябра ўсіх народаў, асабліва прыгнечаных і ў змаганьні. Да Папы Францішка беларусы могуць наўпрост зьвяртацца з просьбамі аб дапамозе і падтрымцы ў сваіх агульнанацыянальных і хрысьціянскіх справах. Папа нас пачуе!

Сяргей Камароўскі