ШРОДЭР АДПРАЦОЎВАЕ МАСКОЎСКІЯ ГАНАРАРЫ

8 лістапада славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Нямецкі экс-прэм'ер Шродэр: Эўразьвяз мае праблему і імя яе Брытанія”. Вось гэты артыкул:

Папярэднік Ангелы Мэркэль выступае за стварэньне эўрапейскай фэдэрацыі і больш шчыльнае супрацоўніцтва з Расеяй.

Вена. Былы нямецкі канцлер Гэрхард Шродэр настойвае на тым, што толькі яшчэ большая інтэграцыя дапаможа Эўразьвязу ў яго імкненьні захаваць сваю канкурэнтназдольнасьць у наступныя гады.

Сацыял-дэмакрат таксама папярэджваў пра Брытанію, урад якой, на яго думку, будзе рабіць усё, каб заблакаваць намаганьні зрабіць Эўразьвяз унутрана мацнейшым.

Шмаггадовы лідэр Нямеччыны, аднак, даказвае неабходнасьць стварэньня эўрапейскай фэдэрацыі і таксама неабходнасьць стварэньня пасады агульнага міністра фінансаў Эўразьвязу, які даглядаў бы за фінансавай дысцыплінай сяброўскіх краін.

Шродэр, папярэднік цяперашняй канцлеркі Ангелы Мэркэль, таксама выказаў сваю згоду з прыняцьцем Турцыі ў блок і больш шчыльным супрацоўніцтвам з Расеяй, калі Эўропа хоча спаборнічаць з ЗША і Кітаем.

“Палітычная структура Эўразьвязу не павінна заставацца статычнай. Неабходна пасунуцца ў справе палітычнага адзінства ў напрамку эўрапейскай фэдэрацыі. Праблема, аднак, мае імя, і называецца Брытанія. Пакуль брытанцы будуць блакаваць гэтыя намаганьні, нічога ня ўдасца зрабіць. Няздольнасьць рэалізаваць крокі, аб якіх дамовіліся чатыры гады таму на саміце 20-кі ў Пітсбурзе з мэтай абмежаваць фінансавы сэктар, шчыльна зьвязана з фінансавым цэнтрам Лёндана. Тыя, хто хоча мець больш інтэграцыі, не павінны б дазваляць кіраваць сабой тым, хто ня хоча”. — сказаў Шродэр на эканамічным форуме ў аўстрыйскім Брагансе.

Ён дадаў таксама, што “Эўропа мае патрэбу ў расейскіх сыравінных крыніцах, а нашы эканомікі маюць патрэбу ў расейскім рынку”.

Petit Press

Пераклаў з славацкай В. Буйвал

Крыніца: http://www.sme.sk/c/6999148/nemecky-expremier-schroder-unia-ma-problem-a-jeho-meno-je-britania.html