НЕ ЎСТУПАЙЦЕ Ў АКУПАЦЫЙНУЮ АРМІЮ! НЕ СТРАЛЯЙЦЕ Ў СЯБЕ!

Дарагія землякі, дарагія беларусы, дарагія сябры-фронтаўцы!

Сёньня мы працягваем адзначаць Дзяды ў Лошыцы на месцы расстрэлаў нашых людзей савецкімі энкавэдзістамі. Такіх месцаў на Беларусі сотні. Гэта сьведчаньні пакутнага мартыралога народу і невыпадкова, што Дзяды сталі нашым сакральным сьвятам усёй нацыі.

Азірнемся ў нашу гісторыю. З Дзядоў выходзілі вялікія ідэі, вялікія творы і вялікія падзеі, якія ўплывалі на ўсю Беларусь і на ўсю былую Рэч Паспалітую. Успомнім Міцкевіча і ролю ягоных “Дзядоў”, успомнім Курапаты, успомнім 30 кастрычніка 1988 года, калі на першыя Дзяды, арганізаваныя Народным Фронтам, прышло насельніцтва, а вярнуўся народ.

На Дзядах, там, дзе людзі сутыкаюцца зь вечнасьцю, не гаворыцца пустых слоў. Перад Дзядамі можна быць толькі шчырым і казаць праўду, бо адтуль — зь вечнасьці — відаць усё.

Яна гаворыцца гэтая праўда ўвесь час. Гэта перш за ўсё праўда змаганьня за нашыя каштоўнасьці, за беларускую волю і наша быцьцё.

Пасьля захопу Беларусі Масквой першым і галоўным пытаньнем расейскай імпэрскай палітыкі на акупаванай тэрыторыі стала задача ліквідацыі беларускай мовы. Гэтую задачу яны выконваюць ужо 200 гадоў. Успомнім забарону беларускай мовы рускім сэнатам, выказваньні Карнілава пра русіфікацыю школы (калі руская школа зможа больш, чым рускі штык), сэнтэнцыі Мураўёва аб абавязкавай ліквідацыі беларускай мовы, бо пакуль будзе існаваць гэтая мова, датуль будуць жыць ідэі “сэпаратызму” (гэта значыць, свабоды). Успомнім выказваньні і палітыку нядаўніх камуністычных бонзаў з Масквы, паслухаем, што кажуць і пішуць цяпер розныя “навальныя” і іншая маскоўская, імпэрская, гэбоўская драбяза. Усе ў адно. Яны могуць фальшыва і доўга казаць пра дэмакратыю, свабоду, правы чалавека і іншую дэмагогію. Але як толькі тэма вяртаецца да беларускай мовы, пачынаецца істэрыка нянавісьці, ідзе пена, яны становяцца самымі сабой. Бо падважваецца сутнасьць іхняй палітыкі ў Беларусі.

Чаму так адбываецца? Таму што галоўная тактыка Масквы ў іхнай вайне — гэта ёсьць тэхналёгія асьляпленьня праціўніка, якое адбываецца праз прапаганду, адукацыю і інфармацыю. Масква цудоўна разумее, што галоўнай асновай існаваньня беларускай нацыі ёсьць беларуская мова. Калі выбіць гэтае зьвяно ў культуры, беларуская нацыя зьнікае і захоп яе набытку робіцца голымі рукамі. Лукашэнку даюць крэдыты, падтрымліваюць і называюць “сваім сукіным сынам” толькі таму, што ён уясьніў сабе гэтае галоўнае пытаньне рускай палітыкі ў Беларусі і ажыцьцяўляе іхную палітыку. Прытым тое, што бачыць і разумее Масква, ужо (у выніку асьляпленьня) ня бачыць і не разумее бальшыня беларускага грамадзтва. І раптам зьяўляецца публічная асоба, якая публічна і адкрыта пра тое кажа. Прытым кажа так вобразна і так моцна, што яе пачынаюць слухаць і думаць над сэнсам слоў. І тады, падкрэсьліваю, і толькі тады, калі бачаць, што словы даходзяць, тады пачынаецца істэрыка акупантаў. Гэта істэрыка страху начнога злодзея, калі раптам уключылі сьвятло.

Менавіта якраз гэтакую рэакцыю начных злодзеяў мы назіраем цяпер пасьля праніклівага выступу на Дзядах у Курапатах Юры Адамавіча Беленькага, які выдатна сфармуляваў сутнасьць расейскай імпэрскай палітыкі ў ёмістым і запамінальным лёзунгу. У лёзунгу, які мусіў бы цяпер запісаць сабе кожны беларус, бо ён зьвернуты да яго народнага сэрца. “Моладзь, памятай: калі ты размаўляеш на расейскай, ты ў акупанцкай арміі, якая страляе ў твой народ”.

Сфармуляваньне такога дакладнага, ёмістага і вобразнага лёзунга ёсьць несумненным палітычным здабыткам. Гэтыя словы ўтрымліваюць глыбокі агульнанародны сэнс паводзінаў і супраціўленьня антыбеларускаму злу.

Беларусы, не зьнішчайце самы сябе. Супраціўляйцеся! Мала толькі прызнаваць і паважаць сваю мову. Трэба на ёй гаварыць, пісаць і чытаць. Беларуская мова ёсьць наша найвялікшая і першасная зброя ў барацьбе за нацыянальнае і культурнае існаваньне. Гэтай зброі нас увесь час імкнуліся пазбавіць непрыяцелі і чужаніцы і імкнуцца цяпер. Не ўступайце ў акупацыйную армію. Не страляйце ў сябе!

Дапамагайце сабе, любіце сваё, шануйце сваіх. Гэта так проста — прывядзіце сваіх дзяцей у беларускую школу. Яны стануць працягам вашых добрых намераў. Яны адродзяць нашу мову і дапамогуць вам. Там, дзе беларускую школу зачынілі, патрабуйце яе адчыніць.

Змагайцеся за сваё, разумеючы, што непрыяцель імкнецца задушыць вашу волю да супраціву. Не паддавайцеся! Ня трэба баяцца, бо цемру можа перамагчы толькі сьвятло.

Вось тут, пад гэтым засыпаным Лошыцкім ярам ляжаць расстраляныя тысячы беларусаў. Іх прывозілі на раніцы ледзь сьвет, часам у адкрытых грузавіках са зьвязанымі рукамі і тут забівалі. Я запісаў сьведку расстрэлаў, лошыцкую жыхарку Веру Шумскую. Яна казала мне, што гэта былі простыя беларусы, бедна апранутыя сяляне, ды рабочы народ. Пытаньне рытарычнае: за што і чаму забівалі гэты народ маскоўскія ворагі чалавецтва?

Шумская расказала мне, што каля энкавэдзістаў часта круціліся лошыцкія камсамольцы і лошыцкая шантрапа, і тыя, што былі ў даверы ў энкавэдзістаў, часам прысутнічалі пры расстрэлах і прасілі энкавэдзістых, каб далі пастраляць. Энкавэдзісты ім дазвалялі. За кожны стрэл валанцёрам расстрэлу свайго народа плацілі пяцьдзесят капеек.

Ізноў пытаньне рытарычнае: чаму энкавэдзісты давалі магчымасьць камсамольскай шантрапе пастраляць у людзей? На пытаньне пазьней адказаў нямецкі амбасадар у Беларусі немец Фрык, які выступаючы ў сьвятых Курапатах, заявіў, што беларусы тады, у 30-х гадах, забівалі самы сябе. Не Масква, маўляў, вінавата ў генацыдзе, не акупанты, а беларусы. Так казаў нашчадак тых, хто разам са Сталінам разьвязалі людабойства ў сьвеце. Вы памятаеце, мы, наша партыя, запатрабавалі тады ад МЗС Нямеччыны, каб адклікалі гэтага гада зь Беларусі. І неўзабаве ён зьехаў.

Цяпер гэтыя Фрыкі, Вікі, Рабітцы, Рары, Уты, Бэніты, трасцы прыгрэлі ў Нямеччыне ўсялякіх вырадкаў зь Беларусі, якія плявузгаюць на Быкава, на Янку Купалу, на ўсё нашае сьвятое, абзываюць там нашу мову “вясковай”, неразьвітай, а вялікага Быкава “дзеравенскім”. Іх за тое немцы выстаўляюць на прэміі, даюць узнагароды, папулярызуюць, друкуюць і выдаюць. І толькі, відаць, мы, беларусы, пад ціскам акупацыйнай арміі не разумеем, што гэта за палітыка, адкуль яна расьце і дзе яе радавод.

Пара прачынацца. Пара расплюшчыць вочы на ўсход і на захад. Пара заняцца сабой і сваім домам. Пара па-сапраўднаму ўшанаваць і ўганараваць сваю беларускую мову. Пара па-сапраўднаму з адказнасьцю за ўвесь наш род разам падумаць пра нашу будучыню.

Віншую з беларускімі Дзядамі. Мы памятаем пра іх, пра іхныя жыцьці і сьмерці і ніколі таго не забудзем.

Зянон Пазьняк

10 лістапада 2013 г.