ДЗЯДЫ Ў ЛОШЫЦКІМ ЯРЫ






10 лістапада сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ арганізавалі традыцыйныя мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар Дзядоў. Людзі сабраліся каля палаца культуры “Лошыцкі” у Менску і прайшлі шэсьцем да месца, дзе пахаваны ахвяры расейскага акупацыйнага тэрору 1937 года. У Лошыцкім Яры НКВД расстраляў тысячы беларусаў. У 1990-х гадах фронтаўцы ўсталявалі на гэтым месцы манумэнтальны крыж. Людзі ішлі пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і выявамі Пагоні, несьлі транспаранты “Абаронім Беларусь ад расейскага імпэрыялізму” і “Беларуская Салідарнасьць — наш супраціў расейскай акупацыі”.

Перад Крыжом на магілах пакутнікаў адбыўся мемарыяльны мітынг. Быў зачытаны зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Не ўступайце ў акупацыйную армію! Не страляйце ў сябе!” (публікуецца). Перад грамадой выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (публікуецца аўдыёзапіс).

На заканчэньні людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа” і ўсклалі да Крыжа кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічы.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 лістапада 2013 г.