БАЎГАРСКІЯ СТУДЭНТЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ
5 лістапада славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Студэнты акупавалі Баўгарыю”. Вось гэты артыкул:
У навучальных установах па ўсёй краіне адбываюцца пратэсты супраць неадназначнага кіраўніка баўгарскай сакрэтнай службы.
Сафія, Браціслава. Іва Бойкаў быў у натоўпе пратэстуючых баўгараў з 14 ліпеня. Тады новы парлямант ўзяў і прызначыў начальнікам баўгарскай сакрэтнай службы Дэляна Пэеўскага — яму ўсяго 32 гады, ён зьяўляецца магнатам СМІ без досьведу, але з падозрамі на ўдзел у карупцыі ў мінулым. Тысячы баўгараў спантанна выйшлі на вуліцы.
“Мы павінны спыніць такія прызначэньні”. — кажа Бойкаў для “SME”.
31-гадовы студэнт дыпламатыі і палітычных адносінаў — адзін з студэнтаў, якія занялі Сафійскі ўнівэрсітэт. Гэта пачалося 23 кастрычніка, калі яны ўварваліся ў самую вялікую лекцыйную залю. Лекцыю тады вёў старшыня канстытуцыйнага суда Дзімітар Токушаў. Менавіта ягоны суд у кастрычніку падтрымаў Пэеўскага на пасадзе. Старшыня суда ўцёк з залі, а студэнты занялі яе.
“Спачатку мы занялі адну залю, а потым увесь унівэрсітэт. Зараз у будынку толькі студэнты і не адбываецца ніякіх заняткаў”. — кажа Бойкаў.
Пратэсты супраць уладаў з патрабаваньнем спыніць карупцыю і кумаўство на вышэйшых пасадах працягваюцца ў краіне ўжо амаль 150 дзён.
Але цяпер студэнцкі рух надаў пратэстам новую моц. У іншых гарадах студэнты таксама занялі лекцыйныя залі ўнівэрсітэтаў, пратэстуюць і на вуліцах. Канстытуцыйны суд яны нават хацелі прадаць праз партал еВау. “Суд дапамагае мафіёзам і скарумпаваным палітыкам”, — пазначылі студэнты, паводле брытанскай газэты “Economist”.
Ахоўваюць брамы
У Сафіі ў навучальных установах няма заняткаў ужо трэці тыдзень. Штодня каля абедзьвюх брам Сафійскага ўнівэрсітэта стаяць студэнты, якія кантралююць, хто йдзе ў будынак. СМІ яны пускаюць туды толькі ў абмежаваны час. Увечары яны сустракаюцца ў самай вялікай лекцыйнай залі 272, дзе дыскутуюць аб тым, куды йдзе Баўгарыя.
Іва Бойкавіч дае з “грамадзянскіх лекцый” жывы эфір у Сеціва.
Паліцыя пакуль што талеруе заняцьце ўнівэрсітэта. “Некаторыя прафэсары падтрымліваюць страйк. Іншыя не, а некаторыя нават сказалі, што як студэнтам не падабаецца ў Баўгарыі, то няхай эмігруюць”. — тлумачыць для “SME” баўгарскі журналіст газэты “24 часа” Момчыл Індзёў. Прэм'ер Пламэн Арэшаўскі адказаў ім, каб яны пратэставалі за лепшую сістэму адукацыі.
Студэнты занялі ўнівэрсітэты не ўпершыню. “Яны рабілі так яшчэ ў 1990 годзе ў знак пратэсту супраць вынікаў першых свабодных выбараў, якія сацыялісты выйгралі былі з адрывам. Падозры ў фальшаваньні, аднак, паводле Індзёва, не пацьвердзіліся.
Людзі іх падтрымліваюць
“Мы закончым акцыю, калі ўрад пойдзе ў адстаўку”. — настойвае на сваім Бойкаў. Іхны страйк падтрымлівае 60% насельніцтва. Урад мае рэкордна нізкую папулярнасьць, але сысьці ня хоча. Яшчэ цяжэй будзе выканаць наступнае патрабаваньне пратэстнага руху. “Мы хочам, каб у баўгарскай палітыцы было больш маральнасьці”.
Томаш Васілка
Пераклаў з славацкай В. Буйвал.