ДЗЯДЫ І 25-Я ЎГОДКІ БНФ У КАНАДЗЕ

Выступае Галіна Сяргеева. Канада.

Выступае Аляксандар Кот. Канада.

3-га лістапада 2013 года ў Беларускім Грамадзка-Рэлігійным Цэнтары Таронта адбылося сьвяткаваньне Дзядоў. Пасьля Богаслужбы, праведзенай у царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага пад кіраўніцтвам Першаярарха БАПЦ архіяпіскапа Сьвятаслава, у актавай залі Цэнтару адбыўся сход беларускае грамадзкасьці з нагоды 25 год падзеяў 1988 году ў Беларусі.

З расповедам на тэму “Курапаты — Беларускі Народны Фронт — Незалежнасьць” выступіў сакратар Парафіяльнае Рады Алесь Кот. Прамоўца высьвятліў і напружаньне барацьбы за адкрыцьцё беларускай і сусьветнай грамадзкасьці праўды пра Курапаты, і супрацьстаяньне падчас стварэньня Аргкамітэту БНФ на сходзе ў Чырвоным касьцёле 19 кастрычніка , і асабліва драматызм сытуацыі на Дзяды 30 кастрычніка, калі беларусы сутыкнуліся з сілавой структурай прамаскоўскай камуністычнай сыстэмы і атрымалі над ёй маральна-псіхалагічную перамогу.

Адзначана роля Васіля Быкава і Зянона Пазьняка ў распачынаньні народнага руху за Адраджэньне і Незалежнасьць Беларусі. Таксама узгадана пра наведваньне Курапатаў у 1994 годзе прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам і ягонай сустрэчы са Старшынём БНФ Зянонам Пазьняком, пра абарону Народнага Мемарыялу сябрамі КХП-БНФ сёньня.

Кандыдат гістарычных навук Галіна Сяргеева (у мінулым Старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі) спынілася на выніках і гістарычным вызначэньні дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, на палітычных дасягненьнях першае рэальнае апазіцыі той таталітарнай сыстэме ўлады, што панавала ў Беларусі за Саветамі і, фактычна, працягвае сваё панаваньне па сёньняшні дзень, мімікруючы ў форму аднаасобнае дыктатуры.

Удзельнікам сходу былі прадэманстраваны некаторыя дакумэнты тых часоў, прэзентаваны шэраг кніг выдавецтва “Беларускія Ведамасьці”, Варшава — Нью Ёрк — Вільня. Кожны прысутны атрымаў копію артыкула Зянона Пазьняка і Аўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці”. Ізноў сталася агучанай неабходнасьць не забывацца пра гісторыю Бацькаўшчыны, раз за разам узгадваць пра яе вызначальныя этапы, падзеі, асобаў, бо калі праўду не казаць, праўда зьнікне.

Алесь Кот