УШАНАВАНЬНЕ ДЗЯДОЎ У МЕНСКУ
3 лістапада на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ у цэнтры Менску сабралася вялікая грамада беларусаў. Ад Гадзіньнікавага завода па праспэкце Скарыны рушыла мэмарыяльнае шэсьце пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі. Людзі несьлі крыжы, кветкі і транспаранты “Ушануйма ахвяраў Курапат”, “Дзяды”, “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!” Шматкілёмэтровы шлях праз цэнтар сталіцы завяршыўся ў Курапатах. Бальшыня з больш за дзьве тысячы ўдзельнікаў шэсьця і мітынга — маладыя хлопцы і дзяўчаты. Многія зь іх упершыню прайшлі Крыжовым шляхам і наведалі Народны мэмарыял у Курапатах.
Мэмарыяльны мітынг у Курапатах распачаўся каля Трох Крыжоў на Кальварыі. Быў заслуханы зварот Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянона Пазьняка — “Трымайма лучнасьць са сьвятлом” (публікуецца). Да людзей зьвярнуліся з прамовамі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі пра повязь пакаленьняў. Той народ, які не забываецца сваіх продкаў, адкрывае сябе дарогу ў будучыню. Дзяды вучаць маладых шанаваць старэйшых. Бо настане час, і сёньняшнія маладыя будуць старэйшым пакаленьнем Беларусі. Як яны выхаваюць сваіх дзяцей, так і будуць жыць. Жыцьцё народа і выхаваньне маладзейшых павінна быць ў нацыянальнай культуры і мове. Той, хто размаўляе па-расейску, той у акупацыйнай арміі і страляе ў сваіх дзяцей. Мы павінны не дапусьціць, каб нашыя нашчадкі, калі вырастуць, сталіся паслухмяным матэр'ялам для экспэрымэнтаў маскоўскіх акупантаў і іхных паслугачоў на нашай зямлі. Не павінна паўтарыцца 200-гадовая зьнішчальная акупацыя Беларусі Масквой. Ахвяры генацыду, які тварылі над беларускім народам расейскія акупанты, не павінны быць забытыя. Каб не паўтарыўся гэты кашмар. Мэтады зьнішчэньня народа мяняюцца. Гітлерскі фашызм і маскоўскі камунізм дзейнічалі брутальна і ў адкрытую. Цяперашнія маскоўскія зьнішчальнікі выдумалі прыхаваныя формы генацыду беларусаў. У нас, у нашых дзяцей адбіраюць родную мову, родную традыцыю і культуру. Нам тлумачаць, што “русскім быть лучше і культурнее”. І некаторыя, на жаль, вераць у гэтую хімэру. Нельга верыць дзікай Маскве, якая зьнішчае ўласны народ і апанаваныя імпэрыяй іншыя народы. Беларуская Салідарнасьць людзей нашай краіны, усенародны супраціў злачыннай палітыцы русіфікацыі — вось наш шлях да канчатковага вызваленьня і сапраўднай дзяржаўнай незалежнасьці.
Грамада засьпявала гімн “Магутны Божа”, усклала кветкі на магілы пакутнікаў, запаліла знічкі. Былі ўсталяваны крыжы, якія людзі пранесьлі праз горад.
У той жа дзень сябры Каліноўскай рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ усклалі кветкі і запалілі зьнічкі каля Крыжа на месцы расстрэлаў беларускіх людзей катамі НКВД у менскім парку Чалюскінцаў.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
3 лістапада 2013 г.