МАЛДАВАНЕ НЯ ХОЧУЦЬ ЗБЛІЖАЦЦА З РАСЕЯЙ
3 лістапада славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Збліжэньне з Эўразьвязам падтрымалі на вуліцах 70 тысячаў малдаванаў”. Вось гэты артыкул:
Малдова спадзяецца, што ў хуткім часе падпіша дамову аб партнёрстве з Эўразьвязам. Праэўрапейскія партыі арганізавалі маніфэстацыю.
Кішынёў. Ня менш за 70 тысячаў малдаванаў у нядзелю на масавым мітынгу ў сталіцы Кішынёве падтрымалі больш шчыльныя адносіны з Эўразьвязам перад важнейшым самітам у Вільні.
Малдова спадзяецца, што падпіша дамову аб партнёрстве з Эўразьвязам. Гэта паведаміла агентура Associated Press.
Малдаване скандавалі “Эўропа!” і “За Малдову і за Эўропу!” і махалі сьцягамі Малдовы і Эўразьвяза.
Маніфэстацыю арганізавалі тры партыі праэўрапейскай кааліцыі, якая знаходзіцца ва ўладзе. Паводле паліцыі, у ёй узялі ўдзел 70 тысячаў чалавек.
Малдаўскі прэзыдэнт Нікалае Цімафці сказаў, што “эўрапейская інтэграцыя для нас ёсьць магчымасьцю для ажыўленьня нашай эканомікі і паляпшэньня якасьці жыцьця людзей... Йдзецца аб мадэрнізацыі нашай краіны”, — цытавала яго агентура Associated Press.
Малдова, якая мае чатыры мільёны жыхароў, абвясьціла незалежнасьць ў 1991 годзе, пасьля распаду Савецкага саюза.
Petit Presse
Пераклаў з славацкай В. Буйвал.