МАЛДАВАНАЎ ПАДТРЫМАЛА ЛАТВІЯ

1 лістапада румынская газэта “Evenimentul Zilei” апублікавала артыкул пад тытулам “Латвія спадзяецца, што Малдова падпіша Дамову аб Асацыяцыі ў 2014 г.” Вось гэты артыкул:

Ацэнены важныя крокі ўраду ў барацьбе з карупцыяй, у судовай рэформе і ў справе разьвіцьця.

Латвія падтрымлівае эўзрапейскі курс Малдовы і спадзяецца, што Дамова аб Асацыяцыі будзе падпісана ў 2014 г., яшчэ ў пэрыяд цяперашняга складу Эўрапарляманту. Такім быў пасыл міністра замежных справаў Рэспублікі Латвіі Эдгарса Рынкевічса на прэс-канфэрэнцыі, пасьля сустрэчы зь ягонай малдаўскай калегай Натальяй Гэрман.

Афіцыйны прадстаўнік таксама сказаў, што Латвія хоча бачыць больш дыфэрэнцыянаваны падыход да Усходняга Партнёрства. “Мы катэгарычна бачым Рэспубліку Малдову як лідэра Ўсходняга Партнёрства, з яснымі ідэямі”, — сказаў латвійскі міністар. Латвійскі міністар сказаў, што урад Рэспублікі Малдова зрабіў важныя крокі ў ў барацьбе з карупцыяй, у судовай рэформе і мае важныя вынікі ў справе разьвіцьця. Афіцыйны прадстаўнік павітаў перамены, якія адбыліся ў Рэспубліцы Малдова ў выніку правядзеньня рэформаў, і згадаў, што Латвія будзе ў далейшым падтрымліваць Рэспубліку Малдова.

Наступная сустрэча ў Рызе

Міністар замежных справаў Малдовы Наталія Гэрман сказала, што эўрапейская тэматыка зьяўляецца адным з прыярытэтаў у двухбаковым дыялогу з эўрапейскімі афіцыйнымі прадстаўнікамі. Міністар сказала, што абмеркавала зь яе латвійскім калегай мэты Рэспублікі Малдова да і пасьля Саміта ў Вільні, мэты, якія падзяляе Латвія. Наталія Гэрман таксама сказала, што Малдова атрымала важныя фінансавыя сродкі ад Латвіі дзеля правядзеньня эўрапейскага курсу і застанецца прыярытэтнай краінай, якая будзе карыстацца такой падтрымкай.

Прэм'ер Юрые Лянку таксама сустрэўся зь міністрам замежных справаў Латвіі. Яны абмеркавалі эўрапейскія планы Рэспублікі Малдова да і пасьля Вільні ў кантэксьце таго, што пасьля Саміту ў Вільні адбудзецца сход Усходняга Партнёрства ў Рызе, у 2015 г. Прэм'ер казаў пра рэформы, якія праводзяцца ў Малдове, і праекты разьвіцьця інфраструктуры. Юрые Лянку згадаў, што ўсе намаганьні накіраваныя на мадэрнізацыю дзяржавы і збліжэньне з Эўразьвязам.

Пераклаў з румынскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.evz.ro/detalii/stiri/evz-chisinau-letonia-spera-ca-moldova-va-semna-acordul-de-asociere-in-2014-1064974.html

Чытаеш і душа радуецца. Былыя савецкія вязьні дапамагаюць адзін адному вырвацца з маскоўскага лягеру, стаць на ногі, правесьці рэформы. Гучыць сапраўды аптымістычна.

Але паўстаюць (рытарычныя) пытаньні. Чаму ў той самы час краіны з былых вязьняў маскоўскай імпэрыі робяць дэкларацыі аб падтрымцы беларусаў, “беларускай апазыцыі”, “правоў чалавека ў Беларусі”, а на самой справе падтрымліваюць “артыстаў арыгінальнага жанру” тыпу Саннікава, Радзінай, Лябедзькі і падобных? Утвораны цэлыя сеткі “беларускіх дамоў”, “дэмпрадстаўніцтваў”, дзе сядзяць асобы, якія ў лепшым выпадку ніяк не засьвяціліся ў беларускай нацыянальнай і патрыятычный дзейнасьці. А ў горшым — гэта расейскія прыблуды, якія апынуліся на нашай зямлі, і нават ня ведаюць, што такое Беларусь; гэта спаленыя правакатары тыпу В. Сіўчыка. Што гэта такое адбываецца, куды і на каго даюць процьму грантаўскіх сродкаў? Ці скончыцца гэтая крывадушная гульня?

Сяргей Камароўскі