ПРАВАЛ МАСКОЎСКАЙ СПЭЦАПЭРАЦЫІ

30 кастрычніка нідэрляндская газэта “De Telegraaf” апублікавала артыкул пад тытулам “Змарнаваны шпіянаж расейцаў праз карты памяці usb”. Вось гэты артыкул:

Брусэль. Прэзыдэнт Эўразьвязу Гэрман ван Рампэй заявіў, што расейцы маглі шпіёніць за прадстаўнікамі іншых краін, такіх, як ЗША, Нямеччына і Японія, падчас саміту 20-кі на пачатку мінулага месяца ў Санкт-Пецярбурзе. Крэмль абвяргае абвінавачваньні.

Змарнаваны расейскі шпіянаж

Паводле італьянскіх газэт “Corriere della Sera” і “La Stampa”, расейскія гаспадары ўручылі дэлегацыям карты памяці usb і зараднікі для мабільных тэлефонаў. Ван Рампэй, які быў на саміце 20-кі ад імя Эўразьвязу, не даверыўся ім і аддаў шчодрыя падарункі супрацоўнікам службы бясьпекі. Праверка на месцы, выкананая з дапамогай нямецкай службы выведкі, паказала, што карты і кабэлі былі падораны для таго, каб па картах і мабільных тэлефонах здымаць дадзеныя.

Не вядома, ці нехта з дэлегацый іншых краін пакарыстаўся падслухоўваючай апаратурай. Італьянскія газэты зьвярнуліся да дыпламатычнай крыніцы ў Эўразьвязе і тая паведаміла, што тым часам нацыянальныя кіраўніцтвы праводзяць дадатковыя праверкі карт і зараднікаў. Пасьля гэтага ў Маскву будзе накіраваны пратэст.

Расея на ўсе лады абвяргае абвінавачваньні. Паводле прадстаўніка прэзыдэнта Пуціна, абвінавачваньні зьяўляюцца “спробамі адвярнуць увагу ад сапраўдных праблем”. Кабінэт Ван Рампэя ня хоча рэагаваць. Жазэ Мануэл Бароза, які таксама быў у верасьні на саміце 20-кі, таксама ня хоча.

Мэнца Вілэмс

Пераклаў з нідэрляндскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.telegraaf.nl/buitenland/22014295/__Spionage_Russen_verijdeld__.html