А ЧАМУ ТАКІ ВЭРХАЛ?

Ужо некалькі тыдняў не суцішаецца вэрхал вакол “справы праслухваньня”. Шумяць у эўрапейскіх парлямантах, не супакойваюцца СМІ, некалькі разоў сабралі нават тысячы людзей на мітынгі пратэсту. Раптам высьветлілася, што амэрыканскія спэцслужбы падслухоўвалі эўрапейскіх грамадзянаў і нават палітыкаў. “Свяшчэнны гнеў” эўраструктураў зразумець можна. На працягу дзесяцігоддзяў яны рабілі свае справы, упэўненыя ў тым, што ўсё “шыта-крыта”. У выніку Эўропа патрапіла ў нафта-газавае рабства Масквы, аказалася няздольнай да супрацьдзеяньня ісламскаму фундамэнталізму і лібэральнаму разбурэньню грамадзтва. Шэраг вядучых эўрапейскіх палітыкаў пасьля закрыцьця сваёй кар'еры (у выніку прайграных выбараў або іншых кар'ерных цяжкасьцяў) “нічтоже сумняшеся” пасунуліся на расейскую службу. Найбольш вядомыя выпадкі з канцлерам Нямеччыны Шродэрам і дырэктарам Міжнароднага Валютнага Фонду Строс-Канам, які ледзь не зрабіўся прэзыдэнтам Францыі. Але ў прэсе надрукаваныя цэлыя сьпісы дзяржаўных чыноўнікаў розных немалых узроўняў заходніх краін, якія завілялі хвастом і пабеглі за новым гаспадаром, які паказаў ім кілбасу “Маскоўскую”. Урэшце гэтая мітусьня пачала сур'ёзна раздражняць заходнія грамадзтвы. Настолькі, што намер згаданага Строс-Кана падацца на маскоўскую бізнэс-службу выклікаў хвалю абурэньня ў Францыі і “перавод на новую пасаду” быў сарваны.

Паводзінамі сваіх палітыкаў разьюшаны мільёны французаў, немцаў і іншых. Людзі добра разумеюць, што дзяржаўныя служачыя ня маюць маральнага права на такія крокі. Яны валодаюць дзяржаўнай закрытай інфармацыяй, яны павінны быць прыкладам для свайго грамадзтва... Ды й што тут доўга тэарэтызаваць, дарослыя людзі ў розных краінах усё разумеюць.

І ў такіх умовах некаму хацелася б, каб амэрыканцы глядзелі скрозь пальцы на такія паводзіны сваіх саюзьнікаў? Пару разоў (перад 1914-м і 1939-м гадамі) ЗША ўжо пусьцілі заходнія справы на самацёк. У выніку (калі эўрапалітыкі правалілі ўсё і паставілі пад пагрозу эўрапейскую цывілізацыю) ЗША вымушаны былі накіроўваць у Эўропу свае войскі, ахвяравацца жыцьцямі сваіх людзей, пасылаць каласальныя сродкі на адбудову Эўропы і дэмакратыі. Калі эўрапалітыкі ня маюць даверу сваіх грамадзтваў, то чаму ім павінны давяраць амэрыканцы?

Высокатэхналагічныя ўлазіны ў “інтымны сьвет” таго-сяго ў Эўропе, на наш погляд, не прыхамаць, а вымушаная мера амэрыканцаў. Яны не прызнаюцца, але добра ведаюць, што на Захадзе ўсё зайшло надта далёка. Усё — гэта бескантрольнасьць брусэльскай бюракратыі, якая глядзіць у рот Маскве; карупцыйная гніласьць вельмі адказных чыноўнікаў; фальш іхніх заяваў і паводзінаў.

На эўрапанэлі пачалася паніка. Яе работнікі і работніцы замітусіліся і загукалі “ды як яны могуць!” Але вядома, што бальшыня звычайных грамадзянаў зь іроніяй назірае за гэтым “шухерам на верхняй палубе” і не спачувае аб'ектам разаблачэньняў.

Сяргей Камароўскі