ШПІЁНСКІ ПРАВАЛ У ЭСТОНІІ

30 кастрычніка польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Эстонец шпіёніў на расейцаў”. Вось гэты артыкул:

Былы супрацоўнік эстонскай паліцыі бясьпекі (КаРо) Уладзімір Вэйтман быў асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі за здраду айчыне.

Вэйтман быў затрыманы яшчэ ў красавіку сёлета. Тады падчас ператрусу ў ягонай кватэры супрацоўнікі службаў знайшлі вялікую суму грошай у розных валютах. Падчас сьледства паліцыя высьветліла, што гэтыя сродкі Вэйтман атрымліваў ад расейцаў ўзамен за супрацоўніцтва.

Толькі сёньня суд у мясцовасьці Хар'ю на закрытым паседжаньні прызнаў, што супрацоўніцтва з расейскай выведкай працягвалася з 2002 па 2011 гг. У гэты пэрыяд Вэйтман перадаваў расейскім службам сакрэтную інфармацыю, што тычылася асабістых дадзеных супрацоўнікаў эстонскай службы бясьпекі. Тым часам мясцовая прэса паведамляе, што галоўным прадметам цікаўнасьці расейцаў быў абарончы патэнцыял НАТО. Аднак, эстонскія службы пераконваюць, што “здраднік” ня меў доступу да такой інфармацыі.

— Вэйтман ніколі не браў удзелу ў апэрацыйным планаваньні, як і ня меў доступу да сакрэтнай інфармацыі НАТО і Эўразьвязу. — заявіў камісар КаРо Арнольд Сінісалу.

Абвінавачаны прызнаў віну і адкрыў асобы супрацоўнікаў расейскай выведкі, якія куплялі ў яго сакрэтныя інфармацыі. Паводле эстонскай пракуратуры, непасрэдным каардынатарам Вэйтмана быў расейскі афіцэр выведкі Мікалай Ермакоў, які ў сваю чаргу перадаваў атрыманыя інфармацыі свайму начальніку — Валерыю Зянцову. Аказваецца, асоба Зямцова была выдатна вядомая эстонскім службам бясьпекі.

У 1995 годзе Зямцоў завэрбаваў дырэктара дэпартаманту бясьпекі міністэрства абароны Эстоніі Гэрмана Сіма, які ў лютым 2009 года быў асуджаны на 12,5 гадоў турмы. Сярод абвінавачваньняў была перадача расейскай выведцы сакрэтаў НАТО, Эўразьвязу і Эстоніі. Зямцоў жыў у Эстоніі ў 1990-1999 гадах, але быў выдалены, калі эстонскія службы даведаліся пра ягоную сувязь з расейскай выведкай. Тады яны ня ведалі, што ён вэрбаваў агентаў. Таму колькасьць тых, каго яму ўдалося схіліць да супрацоўніцтва, сёньня не вядомая.

Зьдзіўляе той факт, што Ўладзімір Вэйман працаваў у тэхнічным аддзеле КаРо, хаця яго ніяк нельга было назваць цалкам празрыстай асобай. У эстонцаў не абудзіў сумневу той факт, што Вэйман у 1980-1991 гадах працаваў для КГБ Эстонскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. І тады ён быў супрацоўнікам апэрацыйна-тэхнічнага аддзела.

Штогод у Эстоніі здараюцца шпіёнскія афёры, зьвязаныя з расейскай агентурай. Паўгода таму тамашнія службы бясьпекі паведамілі пра затрыманьне расейскага шпіёна Манфрэда Зэйвальда. Летась ў аэрапорце Таліна быў затрыманы супрацоўнік КаРо Аляксей Дрэсэн. Як і Вэйтман ён быў абвінавачаны ў перадачы сакрэтных інфармацый расейскай выведцы. Яго асудзілі на 16 гадоў турмы.

— Расеі не падабаецца, што Эстонія зьяўляецца членам НАТО. Крэмль бачыць у гэтым пэўную пагрозу. — сказаў на прэс-канфэрэнцыі генпракурор Эстоніі Норман Ас. — У сувязі з гэтым мы маем узмоцненую актыўнасьць расейскай агентуры, зь якой мы мусім эфэктыўна змагацца. — пераконваў ён.

Руслан Шошын

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1061243-Estonczyk-szpiegowal-dla-Rosjan.html