“БАРАЦЬБА АПАЗЫЦЫІ БЯСКОНЦАЯ...”
27 кастрычніка латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Тысячы чалавек у Маскве пратэставалі супраць улады Пуціна”. Вось гэты артыкул:
Некалькі тысячаў чалавек у нядзелю прайшлі шэсьцем па вуліцах Масквы, пратэстуючы супраць улады Уладзіміра Пуціна і здушэньня апанэнтаў.
Скандуючы “Пуцін — злодзей” і “Свабоду палітзьняволеным!”, пратэстуючыя маршыравалі, трымаючы ў руках сьцягі і партрэты, на якіх бачныя былі людзі, што, як меркавалася, сталіся ахвярамі палітычнага перасьледу. Напрыклад, на партрэтах былі кіраўнік нафтавага прадпрыемства “Юкос” Міхаіл Хадаркоўскі, які знаходзіцца ў вязьніцы, удзельніцы панк-групы “Pussy Riot” і актывісты міжнароднай арганізацыі абаронцаў асяроддзя “Greenpeace”, арыштаваныя ў Расеі.
Паліцыя дала інфармацыю, што ў шэсьці ўзялі ўдзел прыкладна 4500 чалавек. Журналіст агенцыі навінаў AFP паведаміў з Масквы, што сабралося каля 6000. Але арганізатары шэсьця падалі колькасьць да 10000.
Лідэр апазыцыі Аляксей Навальны патлумачыў, што шэсьце арганізаванае галоўным чынам для таго, каб запатрабаваць вызваленьня тых актывістаў, якія былі ўвязьненыя пасьля пратэстаў у траўні летась супраць інаўгурацыі Пуціна.
“Ворганы ўлады працуюць над праектам амністыі. Наша мэта — дамагчыся, каб палітзьняволеныя былі ўключаны ў гэты праект”, — заявіў Навальны.
“Барацьба апазыцыі бясконцая і даволі стамляе”, — дадаў ён.
LETA
Пераклаў з латышскай В. Буйвал
Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/foto-tukstosiem-cilveku-maskava-proteste-pret-putina-varu-14030393
Зь бясконцага шэрагу паведамленьняў (даволі аднастайных) пра марш у Маскве мы выбралі менавіта гэты з латвійскай газэты. У ім хаця б крыху самараскрываецца “лідэр апазыцыі” А. Навальны. Яго судзілі-судзілі, садзілі-садзілі і ўсё ніяк не пасадзілі. Такое бывае ў гісторыі, але толькі тады, калі супраць расправы над сапраўдным лідэрам апазыцыі выступаюць сотні тысячаў і мільёны людзей, якія пагражаюць страйкамі, рэвалюцыйнымі выступамі і падобным. А вакол падсуднага Навальнага заўсёды зьбіралася недзе 180 журналістаў з усяго сьвету і чалавек 100 мясцовых людзей. І трэба ж, тыран Пуцін іх напалохаўся. Цяпер Навальны будзе вадзіць публіку маскоўскімі вуліцамі бясконца. Як у той прыпеўцы: “Жил-был царь, у царя был двор, на дворе мочало, начинай сказывать сначала./ Жил-был царь...” Некалькі тысячаў асобаў у Маскве будуць занятыя. На чарговым выбарчым спэктаклі Крамля-Лубянкі Навальны зноў гукне: “Усе на выбары, валіць тыранію, галасаваць за мяне!” І зноў: жыў-быў цар...
Зноў у кучу звалілі і Хадаркоўскага, і “Грынпіс”, і палітычных, і паўголых-блюзьнерскіх. Зразумела, усё для таго, каб нармальныя людзі раптам не далучыліся б. “ДэмСМІ” РБ з захапленьнем паказваюць, як у маскоўскім натоўпе нехта махае нашым нацыянальным Сьцягам. На наш погляд, захапляцца тут няма чым. Зразумела, што ў маскоўскую апазыц-эклектыку кантора ўпісвае “сьцяганосца” зь мясцовых “барцоўскіх” структурак. Кантора лічыць, што гэта дапаможа арганізаваць (калі спатрэбіцца) такі ж балаган у Менску.
Павел Гулевіч