“ДАГЕСТАН ЗАКЛІКАЕ ПУЦІНА ПАЗБАВІЦЬ ЖЫРЫНОЎСКАГА ДЭПУТАЦКАГА МАНДАТА”

31 кастрычніка латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Заканадаўчы сход аўтаномнай рсэпублікі Дагестан ў чацьвер адзінагалосна прыняў зварот да прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і спікераў абедзьвюх палатаў расейскага парляманту з просьбай пазбавіць дэпутацкага мандата Уладзіміра Жырыноўскага, а таксама прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці за скандальныя выказваньні на тэму Каўказа ў тэлеэфіры.

Дэпутаты дагестанскага парляманту “ад імя ўсіх жыхароў рэспублікі катэгарычна асуджаюць антыдзяржаўныя нацыяналістычныя заявы правакатара — чалавека, які рушыць адзінства Расеі”.

“Мне балюча за расейскі народ”, — сказаў на паседжаньні парляманту прэзыдэнт Дагестана Рамазан Абдулаціпаў. — “Калі ў расейскага народу такія абаронцы, як Жырыноўскі, гэта сьведчыць пра глыбокую народную трагедыю”.

Абурэньне дагестанскіх заканадаўцаў выклікалі меркаваньні віцэ-спікера Дзярждумы і старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Жырыноўскага на мінулым тыдні ў эфіры тэлеканала Россія 1 аб тым, што трэба абмежаваць нараджальнасьць паўночнакаўказкіх народаў, а тэрыторыю Каўказа адгарадзіць калючым дротам.

Ужо раней дэпутаты Чачэніі паведамілі пра намер дамагчыся, каб Жырыноўскі за гэтыя выказваньні патрапіў пад суд і каб у яго было адабрана расейскае грамадзянства.

“Тэрор блукае па планэце і сваімі жудаснымі крыламі б'е па Расеі”, — сказаў лідэр лібэрал-дэмакратаў на мінулым тыдні ў тэлеперадачы “Двубой”. — “Прычына — гэта тэрыторыя Паўночнага Каўказа, прычына — гэта ісламскі радыкалізм (...), але галоўная прычына — гэта надта вялікая колькасьць насельніцтва. Пакуль ня будзе кантралявацца нараджальнасьць, пакуль у сем'ях ня будзе ня больш як два дзіця, тэрор не магчыма перамагчы”.

“Ім (на Каўказе) трэба нараджаць столькі дзяцей, колькі ў сярэднім нараджае чалавек. Два, адно — усё. За трэцяе — сьмяротны прысуд. Ня хочаце — мы абмяжуем. Ня хочаце — абгародзім заслонай з калючага дроту. Ня хочаце — замкнем усё, што можна, няхай сядзяць там. 15-20 дзяцей — няхай самы гадуюць, самы шукаюць працу. Але забіваць Расею мы нікому не дазволім,” — сказаў Жырыноўскі, заслужыўшы воплескі публікі.

Тым часам многія экспэрты зазначаюць, што Жырыноўскі часта выступае з палітычнымі ініцыятывамі, якімі пазьней ў большай ці меншай ступені займаецца Крэмль.

LETA/NEWSRU.COM

Пераклаў з латышскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/dagestana-aicina-putinu-atnemt-zirinovskim-deputata-mandatu-14031103