ЧАМУ НЕМЦЫ РАДУЮЦЦА?
Вынікі выбараў і зьмена прэзыдэнта ў Грузіі выклікалі шэраг камэнтароў у СМІ ўсяго сьвету. Нашую ўвагу прыцягнула шматілюстраваная фотаздымкамі публікацыя ў буйнейшай аўстрыйскай газэце “Der Standard” за 25 кастрычніка. Яна выйшла пад выразным тытулам, зь якога ўсё становіцца заранёў зразумелым — “Канец бясслаўнай эры”.
Тэкст падзелены на маленькія главы. Вось, напрыклад, глава пад назовам “Расейская інтэрвэнцыя”. Мы думалі, што аўстрыякі напішуць пра атаку маскоўскай арміі супраць маленькай Грузіі ў 2008 г., пра мужны супраціў грузінскага народа, пра беспрэцэдэнтную хвалю міжнароднай салідарнасьці з Грузіяй. А яны напісалі вось што, цытуем цалкам:
Узброены канфлікт у Паўднёвай Асэціі выклікаў шырокую ўнутраную апазыцыю супраць палітыкі Саакашвілі. Яго папракалі ў тым, што ён справакаваў масіўную інтэрвэнцыю Расеі ваенным наступам супраць паўднёваасэцінскіх сэпаратыстаў. Расея прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэцію як свае дзяржавы і застаецца там мілітарна прысутнай. (Канец цытаваньня).
І чаму так узрадваліся аўстрыйскія і ўсе астатнія немцы? Адыход з палітычнай вяршыні праціўніка маскоўскага імпэрыялізма яны ўспрымаюць з непрыхаваным захапленьнем. І што яны так радуюцца за Маскву? Але тут мы ўспамінаем, што Аўстрыя — гэта краіна Бэніты Фэрэра-Вальднэр, якая ў сярэдзіне 2000-х гадоў была эўракамісарам па замежных справах. Яна і яе калегі бессаромна праявіліся ў падтрымцы ўсіх імпэрыялістычных дзеяньняў Масквы супраць Беларусі, Украіны, Грузіі, Малдовы. Зь іх аж пырскала жаданьне ўбачыць ліквідацыю незалежных дзяржаваў. Яны нават прыдумалі гнюсны тэрмін аднаўленьня расейскай імпэрыі ў былых межах — “рэінтэграцыя”. Беларускі Народны Фронт патрабаваў адстаўкі гэтай Бэніты за антыбеларускую дзейнасьць і імпэрыялістычныя прамаскоўскія заявы. Мадам Бэніта дзейнічала на сваёй пасадзе настолькі адкрыта па-прамаскоўску, што з пэўным часам яе замянілі на больш прытворных артыстаў палітжанру.
Менавіта такія дзеячы давялі Аўстрыю да катастрофы ў 1930-40-я гады. Яны ня здолелі арганізаваць супраціву гітлерскай інвазіі і ў сакавіку 1938 года Гітлер далучыў (“рэінтэграваў”) Аўстрыю ў свой Райх. На рэфэрэндуме ў справе далучэньня да Нямеччыны 99% аўстрыйцаў выказаліся за “аншлюс”. Яны энтузіястычна запісваліся ў гестапа і гітлерскую армію, многія зь іх сталі высокапастаўленымі злачынцамі гітлерызма. У выніку народ панёс вельмі высокія чалавечыя і матэрыяльныя страты. Але венскія хітруны здолелі даказаць, што Аўстрыя была не “за”, а была “першай ахвярай гітлерскай агрэсіі”. 1945 год сапраўды быў канцом бясслаўнай эры. Але атавізмы гэтай эры дагэтуль жывуць у нямецкай палітычнай эліце. Ад іх няма чаго чакаць добрага і праўдзівага ні грузінам, ні беларусам.
Валеры Буйвал